Bild: экс-кіраўнік "Раскосмасу" хацеў ударыць па Украіне касмічнай ракетай

Дзмітрый Рагозін

Дзмітрый Рагозін / Сяргей Севасцьянаў / ТАСС

Экс-гендырэктар "Раскосмасу" Дзмітрый Рагозін прапаноўваў расійскаму прэзідэнту Уладзіміру Пуціну ўдарыць па Украіне касмічнай ракетай, піша Bild са спасылкай на ўласныя крыніцы.

Журналісты выдання азнаёміліся з запісамі перамоваў Рагозіна з гендырэктарам ракетна-касмічнага цэнтра "Прагрэс" Дзмітрыем Баранавым. Яны пачалі абмяркоўваць тэхнічныя дэталі такога ўдару па буйным украінскім горадзе ў пачатку студзеня 2023 года.

Меркавалася ўжыць ракету-носьбіт, якую звычайна выкарыстоўваюць для палётаў у космас, з выбухоўкай на борце.

Баранаў лічыў, што галоўная праблема палягае ў тым, што праз звышгукавую хуткасць падчас ўваходу ў атмасферу фугасныя авіябомбы або кіраваныя боегалоўкі будуць перагравацца. Рагозін паабяцаў, што абмяркуе гэтую праблему з канструктарам, і праз некалькі дзён знайшоў рашэнне. Яшчэ адной рызыкай была імавернасць, што часткі ракеты ўпадуць на тэрыторыю РФ. Да таго ж, хібнасць пры ўдары такой ракетай можа складаць ад 50 да 100 кіламетраў.

Паводле Баранава, на падрыхтоўку такой аперацыі трэба паўгода. Рагозін абяцае перадаць гэты план Пуціну, якога называе "нашым вялікім і жахлівым". Як адрэагаваў на гэтую прапанову Пуцін, невядома. Але, паводле звестак Bild, яго азнаёмілі з планам 16 студзеня.

Незадоўга да гэтай размовы Рагозін трапіў пад абстрэл у Данецку. Там, з яго слоў, у яго праходзіла "працоўная сустрэча". Паводле звестак тэлеграм-канала Baza, ён святкаваў свой дзень нараджэння ў рэстаране.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі