“Боінг” над Мінскам трапіў у аварыйную сітуацыю
Самалёт сядаў у аварыйным парадку, дарога ў аэрапорт нейкі час была перакрытая.
Паведамленне пра здарэнне выратавальнікі атрымалі а палове восьмай раніцы 24 верасня. Як кажуць у МНС, самалёт выпрацаваў паліва і праз паўтары гадзіны прызямліўся зноў у аэрапорце.
“Сёння ў 7:30 пасажырскі “Боінг” рэйса Мінск-Анталія вылецеў з аэрапорта. Аднак неўзабаве пілоты паведамілі аб праблемах з шасі, самалёт выпрацаваў паліва і праз паўтары гадзіны здзейсніў пасадку. Яна прайшла ў штатным рэжыме. На месца выязджалі ратавальнікі, аднак іх дапамога пасажырам не спатрэбілася”, — паведаміў у каментары Еўрарадыё прэс-сакратар МНС Беларусі Віталь Навіцкі.
Зараз усе пасажыры аварыйнага “Боінга” знаходзяцца ў Нацыянальным аэрапорце “Мінск”. Вырашаецца пытанне з іх пералётам у Турцыю.
Фота — belavia.by