Болей за тысячу ўкраінскіх ваенных загінулі на Данбасе ў “небаявых сітуацыях”
Болей за тысячу ўкраінскіх вайскоўцаў загінулі ў зоне канфлікту на Данбасе ў “небаявых сітуацыях”. Пра гэта ВВС паведамляе са спасылкай на галоўнага ваеннага пракурора Украіны Анатоля Маціёса.
Па яго інфармацыі, апроч загінулых у такіх абставінах ёсць яшчэ і тры тысячы параненых. “Небаявымі сітуацыямі” Маціёс у інтэрв’ю ўкраінскаму тэлеканалу 112 назваў алкагалізм, неасцярожнае абыходжанне са зброяй, нестатутныя адносіны. Больш падрабязную інфармацыю ваенны пракурор не паведаміў.
Вялікія небаявыя страты ў зоне антытэрарыстычнай аперацыі ён патлумачыў як вынік вайны, посттраўматычнага сіндрому і “адсутнасці грамадскага прымірэння”.
Згодна з дадзенымі ААН, за два гады канфлікту на ўсходзе Украіны загінулі 9404 чалавекі, 21 671 атрымалі раненні.