Botanic Project: Прысуд Кліму будаваўся выключна на паказаннях Косці Гарачага

Botanic Project: Прысуд Кліму будаваўся выключна на паказаннях Косці Гарачага

Саліста маладзечанскага рэгі-гурта Botanic Project Кліма Малажавага асудзілі на 9 гадоў зняволення за незаконнае абарачэнне наркатычных сродкаў. 32-гадовага музыку разам з калегамі затрымалі напрыканцы ліпеня. У маладых людзей міліцыянты забралі 40 грамаў гашышу і 17 грамаў высушанай марыхуаны. Другі вакаліст гурта Botanic Project Андрэй Багамолаў, які прысутнічаў на ўсіх шасці пасяджэннях суда, распавёў, што ўсё абвінавачанне будавалася на словах аднаго чалавека — вядомага беларускага клавішніка Канстанціна Гарачага.

“Гарачы пайшоў на здзелку са следствам, каб яму далі меней, а Кліму болей, — разважае Багамолаў. — Калі яго спынілі на машыне на выездзе з Маладзечна, яго паказанні былі, што ён знайшоў гэты кавалак гашышу на запраўцы. Але праз некалькі гадзін апрацоўкі следчымі ён змяніў паказанні. Што, маўляў, узяў у Кліма, набываў у яго цягам трох гадоў, стала ездзіў да яго. Што ён ледзь не выпадкова праязджаў Маладзечна, Клім яму ледзь не сам патэлефанаваў, ледзь не ў рукі яму запхнуў гэты гашыш і сказаў, што не трэба грошай, потым аддасі”.

Паводле паказанняў Канстанціна Гарачага, як распавядае Андрэй Багамолаў, за пяць грамаў гашышу ён застаўся вінен Кліму 50 долараў. Пры гэтым наркотык яму перадаваўся голымі рукамі, даставаў яго Клім наўпрост з кішэні. Следчыя вырашылі гэтыя словы не правяраць.

“Чамусьці не праводзілі ніякіх экспертыз, — кажа ўдзельнік Botanic Project. — Спаслаліся на тое, што не могуць узяць геном, бо недастаткова матэрыялу. Хоць гэта нерэальна. Бо летам, калі спёка, потавыдзяленні абавязкова мусілі застацца. Зноў жа, няма ніякіх пазначаных грошай… Нейкія тэлефонныя размовы яны прадастаўлялі на судзе, мы слухалі, але ні ў адной з размоваў не было нават ніякага намёку на продаж”.

Адвакат Кліма прасіў тры гады па 1 частцы артыкула 328 крымінальнага кодэкса РБ “Незаконныя, без мэты збыту, пакупка, захоўванне, перасылка наркатычных сродкаў”. Пракурор патрабаваў 9 гадоў узмоцненага рэжыму па 3-й частцы таго ж артыкула (“Распаўсюджванне наркотыкаў”). Усё толькі на паказаннях аднаго сведкі.

“Атрымліваецца, што Кліму давялося даказваць, што ён не вінаваты, а не наадварот следчым, што ён вінаваты, — працягвае калега асуджанага. — Пра прэзумпцыю невінаватасці шмат казаў адвакат, спрабаваў зрабіць на гэтым акцэнт падчас спрэчак бакоў”.

У выніку Клім атрымаў запрошаныя пракурорам 9 гадоў узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Але па словах Андрэя Багамолава, канфіскоўваць асабліва няма чаго, бо музыка жыў разам з жонкай і дзіцём не ў сваёй кватэры і за гады “наркабаронства” не паспеў абзавесціся каштоўнымі рэчамі.

“Ноўтбук і тэлефон канфіскавалі яшчэ падчас следства. Засталася хіба гітара толькі”, — з сарказмам кажа Андрэй.

Нягледзячы на тое, што Канстанціна Гарачага спынілі ў стане наркатычнага ап’янення за рулём, да таго ж з даволі вялікай дозай наркотыкаў, ён атрымаў толькі 3 гады ўмоўна — прысуд для гэтага артыкула ў Беларусі небывалы. Яшчэ пад следствам музыка выязджаў за мяжу ў складзе адноўленага праекта “Народны альбом”. Што таксама вельмі дзіўна. Пры гэтым сам Косця Гарачы на гэтую тэму размаўляць не жадае.

У лістападзе гурт Botanic Project выдаў новы альбом, які атрымаў назву “Сказка”. Каб не пакідаць кружэлку без вакальных партый Кліма, музыкі апрацавалі дэма-запісы, якія рабіліся падчас рэпетыцый.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі