Брат і сябар загінулага ў калоніі Вітольда Ашурка з'ехалі з Беларусі
Пад пагрозай крымінальнага пераследу з Беларусі тэрмінова з'ехалі актывісты з Бярозаўкі Андрэй Ашурак і Сяргей Пантус. Гэта брат загінулага ў шклоўскай калоніі Вітольда Ашурка і ягоны сябар
"Нам паступіла інфармацыя, што няе важна якім чынам, не важна за што, але мы павінныя сесці надоўга", — расказаў Сяргей Пантус у каментары Радыё "Свабода".
Напярэдадні стала вядома, што пракуратура пачала крымінальную справу за тое, што людзі крычалі "Ганьба" ў судзе пасля прысуду, вынесенага Вітольду Ашурку. Да жыхароў Лідчыны сталі прыходзіць сілавікі з ператрусамі. Людзі, якія раней былі сведкамі па справе, перайшлі ў статус падазраваных.
Брат Вітольда Андрэй Ашурак быў па гэтай справе сведкам. Да яго дадому таксама напярэдадні прыходзіла міліцыя.
Вітольд Ашурак, асуджаны на 5 гадоў, памёр у шклоўскай калоніі пры нявысветленых абставінах у траўні 2021-га.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.