Брэнд Geely не змог выратаваць сітуацыю на беларускім аўтарынку
Аўтосалон Geely / abw.by
Аўтамабілі Geely, якія збіраюцца ў Беларусі, пакуль не могуць выратаваць сітуацыю на беларускім аўтарынку. Продажы машын гэтай маркі трохі падраслі, але ў цэлым у кастрычніку ў Беларусі было прададзена ў разы менш новых аўтамабіляў (на 86%), чым ў кастрычніку 2021 года. Пра гэта кажуць у Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі.
У верасні, нагадаем, рынак новых легкавых аўтамабіляў абрынуўся ў 10 разоў у параўнанні з вераснем 2021 года. Тады Беларускія аўтасалоны прадалі толькі 374 аўтамабілі. "А ў мінулым годзе, калі дэфіцыт машын ужо востра адчуваўся, любая масавая марка ў адзіночку магла прадаваць да 400 аўтамабіляў у месяц (той жа Volkswagen, Kia або Geely). А ў 2019 годзе — і да 700", — нагадвае сябра праўлення Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі, выканаўчы дырэктар аўтамабільнага холдынгу Атлант-М Сяргей Самойла.
Пры гэтым кошты на машыны не павышаліся з траўня, адзначаюць у асацыяцыі. Па выніках 10 месяцаў лідарам продажаў засталася LADA — з пачатку года было прададзена 3 631 аўтамабіляў гэтай маркі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.