BRUTTO абвяргае абвінавачанні ў неанацызме
З-за гэтых абвінавачанняў сарваліся канцэрты гурта ў Германіі.
Музычны гурт BRUTTO выступіў з афіцыйнай заявай з нагоды абвінавачанняў у неанацызме. Гэтыя абвінавачанні сталі прычынай зрыву канцэртаў калектыву ў Германіі. Паводле музыкаў, супраць іх разгарнулі планамернае цкаванне ў нямецкай інфармацыйнай прасторы.
“Ілжывыя абвінавачанні і перакручаныя факты запісалі гурт BRUTTO у шэраг неанацысцкіх. Гурт BRUTTO заяўляе: ніводзін з яго ўдзельнікаў не з’яўляецца сябрам неанацысцкіх, экстрэмісцкіх і любых іншых радыкальных арганізацый. Мы — супраць гвалту, супраць вайны, супраць дыскрымінацыі паводле расавай і полавай прыкметы”, — сказана ў афіцыйнай заяве гурта, размешчанай на старонцы ў Фэйсбуку.
Як удакладняюць музыкі, крымінальная паліцыя Германіі разбіраецца ў інцыдэнце і абяцае знайсці арганізатараў і замоўцаў паклёпніцкай акцыі супраць калектыву.
Абвінавачанні ў падтрымцы неанацысцкага руху гуртом BRUTTO з’явіліся ў сацыяльных сетках. Напрыклад, у рускамоўнай сетцы Вконтакте ў адмысловай антыфашысцкай суполцы персона лідара гурта Сяргея Міхалка згадваецца даволі часта. Падставай для такіх нападак сталі яго фотаздымкі разам з прадстаўнікамі суполкі Мізантропік Дывіжн, якая аб’ядноўвае прыхільнікаў ультранацыстаў. Здымак быў зроблены ў грымёрцы музыкаў пасля чарговага канцэрту. У неанацыстаў няма ніякіх апазнавальных знакаў, якія паказвалі б на іх прыхільнасць пэўным поглядам.
Аднак пасля гэтага выпадку антыфашысты размяшчаюць Вконтакте эмацыйныя выказванні.
“Меней за год таму адзін з удзельнікаў BRUTTO стаяў на ахове нашых канцэртаў, іншыя ўдзельнікі калектыву былі частымі наведнікамі нашых мерапрыемстваў. А цяпер з іх маўклівай згоды ключавая фігура Міхалка пазіруе ў грымёрцы з нацыстамі. Болей я не хачу мець нічога агульнага з людзьмі, якія граюць у BRUTTO, роўна як і з людзьмі, якія знайшлі апраўданне іх учынку. Болей я не хачу рабіць выгляд, што ўсё нармальна”, — піша ў суполцы Улад Сакалінскі.
Прыхільнікі BRUTTO мяруюць, што паклёп па Сяргея Міхалка і яго сяброў магла запусціць група Brigata Amaranto — гэта група рускамоўных берлінскіх ультрас, якія падтрымліваюць антыфашысцкі рух і маглі не залюбіць Міхалка з падачы расійскіх і ўкраінскіх аднадумцаў.