БСДГ знайшла парушэнні Выбарчага кодэкса пры "нарэзцы" акруг
Апазіцыйная партыя "Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада" звярнулася ў Цэнтрвыбаркам у сувязі з выяўленымі парушэннямі Выбарчага кодэкса.
У звароце, які падпісаў намеснік кіраўніка мінскай гарадской арганізацыі БСДГ Мікіта Краснакуцкі, партыя просіць праверыць, ці адпавядаюць межы Жодзінскай, Кастрычніцкай, Партызанскай і Лагойскай выбарчых акруг патрабаванням 15-га артыкула Выбарчага кодэкса.
У гэтым артыкуле Выбарчага кодэкса гаворыцца, што выбарчая акруга складае адзіную тэрыторыю: яе нельга ствараць з тэрыторый, якія не мяжуюць паміж сабой. Між тым у згаданых акругах ёсць асобныя часткі, якія не маюць агульнай мяжы з усёй тэрыторыяй акругі.
Па словах Краснакуцкага, такое ўтварэнне акруг не толькі не адпавядае закону, але і можа выклікаць блытаніну ў насельніцтва гэтых раёнаў, а таксама стварыць дадатковыя цяжкасці для кандыдатаў падчас агітацыі і збору подпісаў.
БСДГ просіць, каб Цэнтрвыбаркам прывёў межы Жодзінскай, Кастрычніцкай, Партызанскай і Лагойскай выбарчых акруг "у стан, які адпавядае артыкулу 15-му Выбарчага кодэкса".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.