Будуць судзіць былога кіраўніка салігорскага "Шахцёра"

Уладзімір Нідэргаўс

Уладзімір Нідэргаўс / БЕЛТА

У Беларусі будуць судзіць былога кіраўніка салігорскага футбольнага клуба "Шахцёр". За "крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў асабліва буйным памеры". Як паведамляе Следчы камітэт, матэрыялы крымінальнай справы, па якой таксама праходзіць 32-гадовы замежнік, перададзеныя пракурору для накіравання ў суд. Прозвішчы не называюцца.

Следчыя высветлілі, што ў чэрвені 2021-га ў "Шахцёр" з еўрапейскіх футбольных клубаў перайшлі некалькі гульцоў. "Выкарыстоўваючы звесткі аб названых трансферах у супрацьпраўных мэтах, абвінавачаныя ў жніўні 2021 года склалі і падпісалі дамовы, якія змяшчаюць загадзя недакладныя звесткі аб аказанні агенцкіх паслуг па забеспячэнні пераходу футбалістаў у дадзены клуб", — піша СК. Сцвярджаецца, што "ў мэтах выканання названых фіктыўных дамоваў на падкантрольны аднаму з абвінавачаных банкаўскі рахунак ад футбольнага клуба было пералічана больш за 200 тысяч беларускіх рублёў".

Амаль год таму быў аштрафаваны на 185 тысяч рублёў па абвінавачванні "ў подкупе ўдзельнікаў і арганізатараў спартыўных спаборніцтваў" былы спартыўны дырэктар футбольнага клуба "Шахцёр" Уладзімір Нідэргаўс. Гаворка ідзе пра чэмпіянат Беларусі ў вышэйшай лізе 2022 года, які выйграў "Шахцёр". Па выніках расследавання за дамоўныя матчы клуб быў пазбаўлены залатога медаля.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі