У Вільні пракаментавалі прысуд супрацоўніцы санаторыя "Беларусь"
Алена Раманаўскене / АНТ
Неабгрунтаванымі інсінуацыямі назвалі ў Дэпартаменце дзяржбяспекі Літвы абвінавачанні, якія ў Беларусі вылучылі супрацоўніцы санаторыя "Беларусь" у Друскінінкаі Алене Раманаўскене, піша агенцтва Delfi. Грамадзянка Літвы Раманаўскене працавала загадчыцай маркетынгавай службы санаторыя. У Мінску яе абвінавацілі ў агентурнай дзейнасці, у тым, што яна нібыта была завербаваная літоўскімі спецслужбамі і перадавала інфармацыю пра пастаяльцаў санаторыя, у тым ліку пра беларускіх чыноўнікаў. Жанчыну прыгаварылі да шасці гадоў калоніі.
"Адна з галоўных апор беларускага рэжыму — КДБ — выставіла абсурдныя абвінавачанні ў тым, што яна, пражываючы ў Літве, нанесла шкоду нацыянальнай бяспецы Беларусі. Раманаўскене не ажыццяўляла ніякай дзейнасці, якая магла б нейкім чынам нашкодзіць Беларусі, таму гэтыя абвінавачанні з'яўляюцца беспадстаўнымі. інсінуацыямі", — заявілі ў ДДБ. У літоўскім МЗС таксама адзначылі, што не вераць у абгрунтаванасць абвінавачанняў і аказваюць грамадзянцы ўсю магчымую консульскую дапамогу. "Афіцыйнай інфармацыі ад беларускіх уладаў аб прыгаворы суда мы пакуль не атрымалі", — адзначыла прэс-сакратар літоўскага МЗС Паўліна Лявіцкітэ.
Напярэдадні, на АНТ выйшаў фільм пра Раманаўскена і былога дырэктара санаторыя "Беларусь" Андрэя Кобеля. Яго таксама судзілі і прыгаварылі да дзевяці гадоў калоніі за "здраду дзяржаве". Па версіі беларускага суда, ён таксама быў завербаваны спецслужбамі Літвы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.