Бяляцкі ў ПАСЕ: Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не паляпшаецца

Бяляцкі ў ПАСЕ: Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не паляпшаецца

Рэзалюцыя Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы па сітуацыі ў Беларусі была своечасовай і закранула самыя актуальныя праблемы, але ў беларускіх уладаў няма палітычнай волі да дэмакратычных рэформ у краіне. Пра гэта падчас пасяджэння Камісіі ПАСЕ па палітычных пытаннях і дэмакратыі 10 кастрычніка ў Страсбургу заявіў беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі.

Бяляцкі: “Прайшло некалькі месяцаў з прыняцця той рэзалюцыі і што ж змянілася за гэты час? Праз месяц пасля яе прыняцця мы атрымалі два новыя смяротныя прысуды, і сёння, у Міжнародны дзень супраць смяротнага пакарання, мне даводзіцца казаць пра тое, што на сёння ў Беларусі 4 чалавекі знаходзяцца ў камеры смяротнікаў і чакаюць выканання прысуду. І нягледзячы на тое, што камісія (камісія Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ. ― Еўрарадыё) ужо 20 гадоў вывучае пытанне магчымасці ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне, нічога ў гэтым накірунку станоўчага не адбываецца”

Таксама Бяляцкі звярнуў увагу дэпутатаў ПАСЕ на затрыманне лідараў незалежнага прафсаюза РЭП, расказаў пра “атаку” на адвакатаў, якія ўдзельнічаюць у палітычных працэсах, і пра тое, што выбары ў мясцовыя саветы будуць праходзіць па старым выбарчым заканадаўстве ― без уліку рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ.

Тэмай пасяджэння Камісіі ПАСЕ па палітычных пытаннях і дэмакратыі, якое праходзіць 10 кастрычніка ў Страсбургу, стала рэзалюцыя ПАСЕ па сітуацыі ў Беларусі. У рэзалюцыі, прынятай ПАСЕ 27 чэрвеня, выказваецца шкадаванне пра парушэнне правоў чалавека ў нашай краіне і прапаноўваецца спыніць будаўніцтва БелАЭС. 

Апроч праваабаронцы Алеся Бяляцкага, у пасяджэнні камісіі ПАСЕ па палітычных пытаннях і дэмакратыі бяруць удзел дэпутат парламента Алена Анісім і Андрэй Навумовіч, і сустаршыня незарэгістраванай партыі БХД Віталь Рымашэўскі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі