Былога рэжысёра БТ перавялі ў калоніі ў памяшканне камернага тыпу
Вячаслаў Ламаносаў / Фота з сацсетак
Палітвязня Вячаслава Ламаносава, які падчас пратэстаў даў поўху аператару БТ, змясцілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Пра гэта паведамляюць праваабаронцы. За што мужчыну зрабілі больш жорсткім рэжым, яны не ведаюць.
У студзені Ламаносава асудзілі на два гады калоніі. Яго абвінавачвалі па двух артыкулах КК: "хуліганства" (арт. 339) і "ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак" (арт. 342). Падставай для крымінальнай справы зрабілася аплявуха, якую Ламаносаў даў на адной з акцый пратэсту ў 2020 годзе аператару БТ Івану Мартыновічу. Дарэчы, Мартыновіч прасіў суд не пазбаўляць Ламаносава свабоды, сказаў, што не мае да яго матэрыяльных прэтэнзій. А Ламаносаў падчас суда казаў, што пры затрыманні яго збілі — зламалі тры рэбры і палец.
Вячаслаў Ламаносаў раней таксама працаваў на БТ, быў рэжысёрам. Звольніўся ў жніўні 2020-га, быў адным з удзельнікаў забастоўкі работнікаў тэлебачання. Тэрмін Вячаслаў адбывае ў папраўчай калоніі № 22 "Воўчыя норы".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.