Былы форвард "Гарадзеі" за ўдзел у пратэстах асуджаны на "хатнюю хімію"

Былы форвард "Гарадзеі" за ўдзел у пратэстах асуджаны на "хатнюю хімію"

Былы форвард футбольнага клуба "Гарадзея" Расціслаў Шавель за ўдзел у пратэстах асуджаны на тры гады "хатняй хіміі". Разам з палітвязнем былі асуджаны Вадзім Шашура і Мікіта Ермакоў. Яны атрымалі па два з паловай гады абмежавання волі "хатняй хіміі", паведамляе spring96.org.

Крымінальную справу, распачатую па артыкуле "Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак", разглядаў суд Заводскага раёна Мінска. Прысуд 20-гадовым хлопцам быў вынесены 22 верасня. Суддзя Алег Каляда агучыў тыя прысуды, якія і запрасіў пракурор.

Шавеля і Шашуру вызвалілі з-пад варты ў зале суда, а Ермакоў быў пад падпіскай аб нявыездзе. Абвінавачаныя прызналі віну ва ўдзеле ў "несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах", якія адбываліся ў Мінску восенню мінулага года.

Пра крымінальную справу Расціслава Шавеля стала вядома ў пачатку чэрвеня 2021 года.  Раней яго тройчы затрымлівалі за ўдзел у вулічных пратэстах — двойчы летась (атрымаў 8 і 15 сутак) і аднойчы ў траўні сёлета (15 сутак). Пасля затрымання 17 траўня Шавель заставаўся за кратамі, быў прызнаны палітзняволеным.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі