Былы футбаліст расказаў, як мінскае "Дынама" прадало матч "Зеніту"
Былы футбаліст 71-гадовы Аляксандр Грабнёў расказаў "Матч ТВ", як мінскае "Дынама" прадало матч "Зеніту" ў чэмпіянаце СССР. Адбылося гэта ў 1970 годзе. Грабнёў гуляў за маскоўскі "Спартак" і на адзін сезон перайшоў у мінскае "Дынама", пасля чаго гуляў у маскоўскім "Дынама". Кар'еру гульца скончыў у 1976-м, быў трэерам, у тым ліку і юнацкай зборнай Расіі.
"У 1970 годзе, калі я гуляў за Мінск, мы прадалі гульню "Зеніту", — распавядае Аляксандр Грабнёў. — У Піцеры быў юбілей — стагоддзе Леніна, а "Зеніт" вылятаў [з вышэйшай лігі], ішоў на апошнім месцы. Перадапошняя гульня — з намі".
Грабнёў успамінае, што было холадна, "поле заваліла снегам".
"Нам трэба было прайграць, каб яны не вылецелі, але зенітаўцы не траплялі ў браму з неверагодных становішчаў, — працягвае ўспамінаць былы футбаліст. — Цырк. Прастрэл, наш брамнік Скокаў лёг тварам да брамы, а зенітавец Кох прабіў яму ў... патыліцу".
Зразумела, Скокаў абурыўся, што гулец "Зеніта" не можа патрапіць у пустую браму. У выніку дынамаўцы здолелі прапусціць адзін гол і прайгралі.
"Пасля гульні наш трэнер Іван Мозер паставіў усім гульцам двойкі, — распавядае Грабнёў. — У Мінску нас прыняў Машэраў, кіраўнік Беларусі. "Малайцы! Ордэны вам трэба даваць за тое, што дапамаглі "Зеніту", — [сказаў ён]. Карацей, пахваліў нас".