Чалавека, які падпаліў сабе рукі ля мінскай Ратушы, выклікаюць у міліцыю
Маладога чалавека, які правёў акцыю з падпалам рук ля мінскай Ратушы, вылікалі ў міліцыю. Рэжысёр Міхаіл Каўко зладзіў гэты перформанс 25 снежня на плошчы Свабоды, дзе ў той час праходзіла святочная калядная імпрэза. Ён стаў ля Ратушы з плакатам: “Таварыства глухіх: Мы будзем гарэць — ім будзе пляваць!”, надзеў спецыяльныя пальчаткі з гаручым рэчывам і падпаліў сабе рукі.
Акцыя праводзілася ў падтрымку людзей з абмежаваным слыхам. Трапляючы ў надзвычайную сітуацыю, у тым ліку падчас пажару, гэтыя людзі не могуць звязацца з адпаведнымі службамі.
Учора маладому чалавеку патэлефанавалі з міліцыі і запрасілі яго на размову “наконт публікацыяў, якія з’явіліся ў прэсе”. Каўко мае намер прыйсці ў міліцыю з адвакатам сёння ў 10.00. Пра гэта арганізатар перформансу паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
Фота: Сяргей Грыц