Чаму Анісім і Канапацкая мёрзнуць на працы і як прасоўваюць свае законапраекты
Новаабраныя дэпутаты паспелі не толькі атрымаць кабінеты і размеркаваць партфелі, але і ў сваіх акругах папрацаваць і над новымі законапраектамі пасядзець. Ганна Канапацкая нават выступіла ў Авальнай зале са садакладам па адным з праектаў закона. Каб паглядзець, як яны абжыліся на новым месцы і даведацца, ці ўліліся ў калектыў, ідзем па іх запрашэнні на кубачак кавы да Алены Анісім і Ганны Канапацкай.
Пра партрэт Лукашэнкі, цвік у сцяне і сімволіку
Кабінеты дэпутатак знаходзяцца не толькі на розных паверхах Дома ўраду, але і розных яго баках. Па памеры яны аднолькавыя. Але заўжды, калі прыходзіш у новае месца, то ёсць нешта, за што вока чапляецца ў першую чаргу. У кабінеце Анісім гэта партрэт Лукашэнкі над яе працоўным месцам. “Несістэмны” дэпутат імгненна перахоплівае мой позірк ― нібы менавіта гэтага ад мяне і чакала.
“Разумееце, мы вось усё на нейкія фармальныя рэчы звяртаем увагу. І здаецца, што калі нада мной вісіць партрэт, то гэты партрэт на мяне ўплывае, цісне. А на самой справе, асабліва яшчэ, калі гэтыя словы пад ім (на аркушы напісана “Мы ― нацыя, а ў кожнай нацыі ёсць свае прыкметы. І галоўнае, акрамя тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту ― гэта мова”) ― я буду ўплываць таксама. І праз гэтыя словы, і праз гэты партрэт. Бо не бывае аднабаковага ўплыву ― толькі двухбаковы, я лічу. І спадзяюся, што мой уплыў дасць плён для краіны”, ― кажа Анісім.
Не прыбрала Анісім ні чырвона-зялёны сцяжок са свайго стала, ні сувенірную талерку з выявай айчыннай “кветкі перамогі” з шафы. Праўда, паставіла на стол большы па памерах за дзяржаўны бел-чырвона-белы сцяг. У якасці падарунка ад Еўрарадыё і Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі прыносім ёй сцяжок ЕС.
“Сёння нічога не зменіш: ёсць дзяржаўны сцяг, пад ім выступаюць нашы спартсмены, нашы дзяржаўныя кіраўнікі з ім паўсюль прэзентуюць Беларусь. Між тым, у нас ёсць наш нацыянальны сцяг, з якім нашы папярэднікі ішлі да нашай незалежнасці, і без гэтага сцяга Беларусь не Беларусь. Ну, а тое, што мы частка Еўропы, — відавочная рэч”, ― усміхаецца Анісім і ставіць сцяг ЕС трэцім на свой стол.
Першае, што зрабіла ў сваім кабінеце Ганна Канапцкая ― зняла са сцяны партрэт кіраўніка краіны і схавала яго ў шафу.
“Я не лічу, што ў гэтым партрэце тут ёсць нейкая неабходнасць, і таму я з першых дзён яго зняла, а на другі ― яго ў мяне забраў мясцовы загадчык гаспадаркі. Толькі цвік у сцяне пакінула ― працягваю конкурс прапаноў, што на тое месца павесіць”.
На стале ў Канапацкай няма ні чырвона-зялёнага, ні нацыянальнага, ні хаця б партыйнага сцяжка. Як няма на яе сукенцы бел-чырвона-белага значка, з якім яна з’яўлялася на першыя пасяджэнні парламента.
“Для мяне гэта сімвал апазіцыйнасці, ― прызнаецца прадстаўнік АГП у парламенце. ― Я не кажу пра тое, што ён не павінен быць дзяржаўным сімвалам: мне і Пагоня больш падабаецца, чым сённяшні наш герб, і бел-чырвона-белы сцяг больш падабаецца”.
У Анісім на лацкане афіцыйны дэпутацкі значок і значок Таварыства беларускай мовы. Але ніхто яе за язык не цягнуў ― сама абяцала ў эфіры Еўрарадыё павесіць яго побач з дэпутацкім чырвоня-зялёным сцяжком!
“Абяцала, ― пагаджаецца Анісім. ― Але справа ўся ў тым, што дзень яшчэ той не прыйшоў. Той дзень, калі хочацца прыцягнуць увагу менавіта да гэтага”.
― Гэта нейкая пэўная дата ці павінна нешта здарыцца незвычайнае?
― Ёсць дата! ― хутка адказвае Анісім, але што гэта за дата, не кажа. ― Можна начапіць, але за гэтым нічога не будзе стаяць. Для мяне, як для беларускі, важная сутнасць.
Пра від з акна, холад у кабінетах, уліванне ў сістэму і сала з печывам
Чым яшчэ адметныя кабінеты? У Алены Анісім вакно выходзіць на Чырвоны касцёл, у Ганны Канапацкай ― на купал Авальнай залы.
“Я такі від з акна не прасіла, але так ужо склаліся зоркі. Чырвоны касцёл моцна звязаны з беларускім адраджэннем найноўшага часу. Здаецца, тут праходзілі ўстаноўчыя сходы Беларускага народнага фронту. Энергетыка гэтага месца вельмі вялікая, а для мяне такое суседства ― і ганаровае, і прыемнае”, ― з усмешкай заўважае Анісім.
Канапацкая на від са свайго акна ўвагі, па яе словах, не звяртае. Яе больш цікавіць, ці заўважныя кубкі з сімволікай АГП, якія яна адмыслова паставіла на столік ля самага ўваходу. Кубкі ў вочы кідаюцца. З іх мы пазней і частуемся кавай. Алена Анісім для кава-паўз прынесла з дому звычайныя кубачкі “з сервізу”.
З мэблі ў дэпутацкіх кабінетах звычайны набор: пісьмовы стол, крэслы, шафа, сейф, тэлевізар, камп’ютар, два тэлефоны.
― Які з іх ― “вяртушка”? ― цікаўлюся ў Анісім, але тая толькі здзіўлена разводзіць рукамі.
― А ў мяне яго няма! Адзін ― звычайны гарадскі, другі ― унутраны…
― У вас сапраўды ёсць “вяртушка”, па якой вы можаце міністрам наўпрост тэлефанаваць? А то Анісім кажа, што ў яе няма, ― цікаўлюся пазней у Ганны Канапацкай.
―Дык вось жа ён! ― паказвае на тэлефон унутранай сувязі. ― Набіраеш па ім пэўныя чатыры лічбы і трапляеш да патрэбнага табе міністра. Так я ўжо і міністру адукацыі званіла, і ў Генпракуратуру.
Кабінеты не толькі аднолькавыя па памеры, але ў іх аднолькава холадна. У Анісім вакно па краях заклеена скотчам.
“У чым там справа, я не ведаю: няякасна вокны, можа, ставілі ці яны там адышлі, ці рассохліся ― хто іх ведае. І на батарэях нічога не падкруціш, каб цяплей было ― толькі абагравальнік які прыносіць”, ― скардзіцца Анісім.
У Канапацкай тая ж бяда з тэмпературай у кабінеце. “Прынясу насценны абагравальнік сабе. Ведаеце, такі, у выглядзе кіліма”, ― кажа дэпутат ад АГП і ставіць грэцца ваду для кавы. Пад каву разважае над пытаннем пра тое, што ёй трэба, каб атмасфера ў кабінеце была і пазітыўная, і цалкам працоўная.
“Трэба разуменне з боку калег… Ці хаця б іх спробы мысліць у адным накірунку. Бо ёсць, і сённяшняе пасяджэнне гэта паказала, нават нейкі фармалізм у дачыненні да прыняцця законапраектаў”.
― Дык вы ж калег з першых дзён правакуеце: то бел-чырвона-белым значком, то галасаваннем насуперак і тым, што не хаваеце, як прагаласавалі, нават сваім знешнім выглядам!
― А што не так з маім выглядам?! Працуем, часам спрачаемся. Як мне падаецца, мяне калегі недзе і падтрымліваюць, і нават, можа, самі хацелі б паступаць так, як я…
― Часам чую размовы, што Анісім паставіла сабе за мэту ўліцца ў сістэму, каб потым мяняць яе знутры. Як ідзе ўліванне? ― працягваю тэму абжывання на дэпутацкім месцы з Аленай Анісім.
― Мне складана ўліцца ў сістэму з прычыны майго характару. Ён у мяне такі… індывідуалістычны. Я не магу асабліва падладжвацца. Калі мне нешта не падабаецца, я абавязкова пра гэта скажу. Іншая справа, што я не скандалістка і не тое, каб бунтар.
Яшчэ ў кожным пакоі стаіць айчынная лядоўня “Атлант”. У Анісім яна не толькі пустая, але нават у разетку не падключаная.
“У кабінеце не абедаю ― з сабой нічога не прыношу. Не хаджу і ў мясцовы буфет ці сталоўку: калі час дазваляе, то заскочу бывае ў бістро непадалёку”, ― кажа яна, заліваючы молатую каву кіпнем і выкладваючы на сподачак печыва.
У Канапацкай ў лядоўні бутэлька з вадой, упакоўка нарэзанага сыру.
“А хочаце, я вас салам пачастую? ― нечакана пытаецца яна. ― Самаробнае! Праўда, гэта я не сама рабіла ― пачаставалі супрацоўнікі свінагадоўчай гаспадаркі, з якой я супрацоўнічала па сваёй дадэпутацкай працы. Будзеце каштаваць? Праўда, хлеба няма”.
І прызнаецца, што ў параўнанні з дэпутацкім заробкам раней атрымлівала разы ў 2-3 больш. Але гэта не адзіная страта: дзеці Ганны Канапацкай жывуць і вучацца ў Германіі. Раней яна магла фактычна ў любы час сарвацца і паехаць да іх ― хоць на пару дзён, хоць на тыдзень. Цяпер такое немагчыма.
“Дзеці ў Германіі не застануцца, сказалі, што будуць вяртацца ў Беларусь ― гэта не маё, іх рашэнне”, ― кажа дэпутат.
― Не шкадуеце, што ўвязаліся ў дэпутацтва: і ў грошах страцілі, і з дзецьмі так вось?
― Я гэта раблю не столькі для сябе, колькі менавіта для сваіх дзяцей ― хачу, каб Беларусь стала часткай Еўропы не толькі геаграфічна, але і эканамічна, і культурна.
Пра ўласныя законапраекты, моўныя перасцярогі дэпутатаў і блакаванне ініцыятыў
На стале ў Алены Анісім — стосік тэстаў па беларускай мове: ідзе, кажа, сёння на прыём у адну “установу” ― нясе ў якасці падарунка.
― Можа, варта было б дэпутатам нейкія дапаможнікі па беларускай мове прэзентаваць?
― Дык яны ўсе ведаюць беларускую мову! І пераходзяць на яе часам. Іншая справа, што няма ў іх унутранай патрэбы такой, абавязку. Бо для некага спрацоўвае прыклад іншага, некаму трэба, каб яго падштурхнулі, а некага трэба заахвоціць, скажам так.
І Ганна Канапацкая, і Алена Анісім яшчэ да атрымання дэпутацкіх мандатаў казалі, што маюць распрацаваныя законапраекты, прыняцця якіх будуць дамагацца. Анісім найперш казала пра праект закона “Аб падтрымцы беларускай мовы”. На якім этапе яго прыняцце?
― Гэты законапраект патрабуе пэўнай дапрацоўкі. Ён быў падрыхтаваны ў 2011 годзе, прапанаваны ТБМ дэпутатам для разгляду, але быў адхілены. Цяпер я гляджу па сітуацыі і разумею: для нас будзе праблематычна прасоўваць беларускую мову ў парламенце. На маё вялікае здзіўленне. З аднаго боку, мы бачым трэнд на беларусізацыю, падтрымку і запатрабаванасць у грамадстве, але з іншага боку маем супраціленне тых, хто альбо баіцца “рускага свету”, альбо хто яму свядома ці несвядома служыць.
― Вы цяпер пра дэпутатаў казалі?
― У тым ліку і пра дэпутатаў парламента. Такога прамога супрацьдзеяння няма, але адчуваецца, што ў пэўных людзей такое супраціўленне ёсць.
― І што вы будзеце ў гэтай сітуацыі рабіць?
― Я павінна падумаць, распрацаваць стратэгію дзеянняў і для пачатку дамагчыся хаця б таго, каб законапраекты паступалі ў парламент адразу на дзвюх дзяржаўных мовах. Цяпер падаецца, што для многіх структур гэта пытанне падаецца невырашальным.
― А што будзе з праектам “Аб падтрымцы беларускай мовы”?
― Спачатку мы яго самі паспрабуем удасканаліць. Разумееце, калі ўносяцца законапраекты, то яны павінны быць грунтоўна падрыхтаваныя на прадмет таго, колькі ён запатрабуе фінансавых выдаткаў. І калі фінансы патрэбныя вялікія, то гэта не падтрымліваецца. У тым ліку і Мінфінам.
― Думаеце, вы першы пытаецеся? Мне ўжо не адзін раз задавалі пытанне: “Ганна, дык дзе ж вашы законапраекты? Вы кажаце, што нам неабходная лібералізацыя эканомікі і дзе ж вашы прапановы?”. Ужо пакладзеныя на дэпутацкі бланк і накіраваныя ў камісію па заканадаўстве змены ў Крымінальны кодэкс Беларусі аб выключэнні з яго артыкула аб ілжэпрадпрымальніцтве. Нехта з органаў улады і дзяржкіравання “за” гэта, нехта ― “супраць”. Як і сярод дэпутатаў.
― Верагоднасць таго, што вашу прапанову “завернуць” ёсць?
― Вядома. Але ў нас застаецца Авальная зала, дзе можна задаць пытанне, выступіць з каментарыем. І я спадзяюся, што дэпутаты разумеюць сітуацыю, што склалася ў нашай краіне і эканоміцы… Апроч таго, буду дамагацца ўключэння ў парадак дня законапраекта “Аб супрацьдзеянні гвалту ў сям’і”.
Абедзве дэпутаткі дэманструюць імпэт да працы, адсутнасць расчаравання і спадзяванні на тое, што ў іх атрымаецца змяніць калі не ўсю палітычную і эканамічную сістэму краіны, то хаця б нешта ў ёй. Паказваюць стосы законапраектаў, над якімі працуюць, кажуць, што часам аддаюць новай працы па 12 гадзін у суткі. І думаюць пра дапамогу выбаршчыкам і… абагравальнікі ў кабінеты.
Фота Еўрарадыё