Дэпутаты ўводзяць падатак на багатых беларусаў
Паседжанне Палаты прадстаўнікоў
Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытанні законапраект аб змяненнях у Падатковы кодэкс. Папраўкі прадугледжваюць, сярод іншага, магчымасць індэксацыі ставак падаткаў з улікам інфляцыі; адмену ПДВ для ІП па абарачэннях рэалізаваных тавараў (работ, паслуг); павелічэнне падатку на прыбытак для высокарэнтабельных арганізацый і прадпрыемстваў усіх формаў уласнасці з 20% да 25% пры атрыманні прыбытку звыш 25 млн руб. у год. Калі паводле вынікаў года (пачынаючы з 2024-га) даходы ІП перавысяць 500 тысяч рублёў, прадпрымальнік не зможа з наступнага года працягваць працу ў гэтым статусе. Ён абавязаны будзе зарэгістраваць камерцыйную арганізацыю.
Папраўкі прадугледжваюць увядзенне элементаў прагрэсіўнай шкалы падаткаабкладання для фізічных асоб. У прыватнасці, грамадзяне, чый даход перавысіць за год 200 тысяч рублёў, будуць абавязаныя заплаціць з сумы, якая перавышае 200 тысяч, падаходны падатак у памеры 25%. У цяперашні час асноўная стаўка на ўсе даходы фізічных асоб складае 13 %.
Акрамя таго, змяненні ў Падатковы кодэкс прадугледжваюць павелічэнне ў 10 разоў ставак транспартнага падатку для машын з пераліку "транспартных сродкаў падвышанай камфортнасці" — пры ўмове, што аўтамабіль не старэйшы за тры гады. Таксама прадугледжваецца ўвядзенне паняцця "адзіны маёмасны плацёж", гэта значыць, агульнай сумы падатку на нерухомасць, зямельнага падатку і транспартнага падатку, а таксама шэраг іншых новаўвядзенняў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.