Чаму беларусы рэгіструюць фірмы ў афшорах. Тры асноўныя прычыны

Чаму беларусы рэгіструюць фірмы ў афшорах. Тры асноўныя прычыны

9 траўня міжнародная група журналістаў, якая атрымала доступ да так званага "панамскага архіва", адкрыла доступ да базы дадзеных з назвамі створаных у афшорах кампаній і прозвішчамі людзей, якім яны належаць. Беларусаў там адносна няшмат ― каля сотні чалавек. Еўрарадыё разабралася, навошта нашым суайчыннікам фірмы ў афшорах і ці законна ўсё гэта.

 

Афшоры існуюць цалкам законна

 

Эканаміст Сяргей Чалы кажа, што у самім факце існавання афшорных зон і магчымасці рэгістраваць там кампаніі нічога крымінальнага няма. Гэта толькі інструмент для вядзення бізнесу, папулярны ва ўсім свеце. Якім чынам яго выкарыстоўваць ― справа іншая.

"Іх выкарыстоўваюць па ўсім свеце. Існуе шмат легальных інструментаў, для чаго гэта робіцца. Ёсць шмат розных здзелак, якія проста так зручней праводзіць, звязаных з перадачай права на ўласнасць, напрыклад. Калі трэба правесці нейкія трансгранічныя аперацыі, то для гэтага выбіраецца нейкая брытанская юрысдыкцыя са зразумелым брытанскім заканадаўствам", ― тлумачыць Чалы.

Праз афшорныя кампаніі часта набываюць акцыі і каштоўныя паперы. "Амаль уся індустрыя кіравання актывамі жыве такім чынам", ― дадае эксперт. Такім чынам, валоданне афшорам ― гэта яшчэ не злачынства. Злачынства, калі ён выкарыстоўваецца для незаконных мэтаў.

Чаму беларусы рэгіструюць фірмы ў афшорах. Тры асноўныя прычыны
Сяргей Чалы

Навошта афшоры беларусам?

 

Старшы аналітык "Альпары" Вадзім Іосуб кажа, што можна назваць тры галоўныя прычыны, якія вымушаюць нашых суайчыннікаў выкарыстоўваць такія складаныя схемы.

1. Жаданне атрымаць большы прыбытак. Эканамісты гэта называць "аптымізацыяй падаткаабкладання". "Па-першае, гэта аптымізацыя падаткаабкладання. Прычым, яна можа праходзіць і ў законных межах. Гэта не абавязкова сыход ад падаткаў", ― расказвае эксперт.

Калі больш проста, то схема выглядае наступным чынам. Беларус мае свой паспяховы бізнес у Беларусі, плаціць падаткі з яго дзейнасці, атрымлівае прыбытак сабе ў кішэню, а потым яшчэ плаціць падатак ужо з гэтага свайго асабістага прыбытку. У нейкі момант памер выплачаных падаткаў становіцца настолькі вялікім, што бізнесовец вырашае зэканоміць. Ён рэгіструе кампанію ў афшорнай зоне, свой былы паспяховы бізнес называе беларускім філіялам гэтай кампаніі, пасля чаго у беларускі бюджэт плаціць ужо толькі падаткі з дзейнасці свайго беларускага філіяла. Увесь чысты прыбытак беларускай часткі кампаніі пераводзіцца ў фірму, зарэгістраваную ў афшорнай зоне. А там альбо падаткаў няма зусім, альбо яны мінімальныя. Профіт!

Чаму беларусы рэгіструюць фірмы ў афшорах. Тры асноўныя прычыны
Вадзім Іосуб

2. Жаданне пазбегнуць канфіскацыі. Так-так, афшоры могуць дапамагчы абараніць свой бізнес ад непрадказальных дзеянняў беларускай улады. "У нашых няпростых рэаліях такім чынам можна абараніць свой бізнес ад канфіскацыі. Адна справа — адабраць фірму з дапамогай беларускага суда ў беларускага грамадзяніна. І іншая справа ― у нейкай замежнай кампаніі. У такім выпадку права на ўласнасць будзе гарантаванае не толькі беларускім заканадаўствам, але і міжнароднымі дамовамі, якія Беларусь таксама падпісвала", ― расказвае Вадзім Іосуб.

3. Зручнасць кіравання актывамі. Эксперты кажуць, што гэта акурат самая папулярная прычына стварэння кампаній у афшорных зонах. Калі вы маеце кампаніі адразу ў некалькіх краінах, у кожнай з якіх дзейнічае сваё заканадаўства, то самы просты і надзейны спосаб звязаць усе свае актывы ў адзін ― стварыць "вузел" у афшорнай зоне, дзе, як правіла, не толькі мінімальны падаткі, але яшчэ і звышліберальнае і простае заканадаўства.

Ці можа беларус законна валодаць кампаніяй у афшорнай зоне?

 

Можа. Па-першае таму, што ў беларускім заканадаўстве ў прынцыпе няма такога паняцця, як афшор. А па другое, грамадзяне Беларусі маюць законнае права рэгістраваць кампаніі за межамі краіны. "У беларускім заканадаўстве ўвогуле няма такога асобнага паняцця, як афшорная фірма альбо адкрыццё фірмы ў афшорнай зоне. Але ёсць такое паняцце, як рэгістрацыя беларускім грамадзянінам фірмы за мяжой. І не важна, у афшорнай зоне, альбо не", ― кажа Вадзім Іосуб.

Праўда, ёсць важны нюанс ― на ўсе аперацыі па перамяшчэнні сродкаў (без гэтага рэгістраваць кампанію ў афшоры няма ніякага сэнсу) трэба атрымліваць дазвол Нацыянальнага банка.

 

Ці будуць беларускія ўлады правяраць грамадзян Беларусі з "панамскага архіва"?

 

Пакуль невядома. Прынамсі ў Камітэце дзяржкантролю, куды Еўрарадыё звярнулася з такім пытаннем, канкрэтнага адказу не даюць. "Пакуль няма такой інфармацыі. Але яна павінна з'явіцца ў бліжэйшыя дні", ― каментуюць у КДК.

 

Ці сапраўдныя прозвішчы і кампаніі з беларускай часткі архіва?

 

Выглядае, што так. Як мінімум, некаторыя. Напрыклад, у базе дадзеных "панамскага архіва" ёсць чалавек, пазначаны як Mr. Ihar Abmiotka. Яго імя звязанае як мінімум з трыма кампаніямі "панамскага спіса". У 2015 годзе выданне "Штодзённік" унесла беларуса Ігара Абмётку ў спіс 200 самых уплывовых бізнэсоўцаў краіны ― ён валодае актывамі ў Беларусі і Расіі, займаецца гандлем і сервісам сельскагаспадарчай тэхнікі.

Рэальна існавала кампанія "Дзікса", яна працавала па адрасе Карла Маркса 15 у Мінску некалькі гадоў таму і па дзіўным супадзенні цяпер у яе былых памяшканнях часткова размешчаны мінскі карпункт Еўрарадыё. Паводле дадзеных апублікаванай 9 траўня базы, беларуская DICSA Law Technologies Limited зарэгістравала ажно 18 афшорных кампаній.

15 афшораў звязаныя з беларускай ODO "COLLEGIA". У мінскім офісе групы кампаній "Калегія" пытанне Еўрарадыё пра магчымую сувязь з панамскай Mossack Fonseca уважліва выслухалі, але ні пацвярджаць, ні абвяргаць не сталі, спаслаўшыся на адсутнасць кіраўніцтва. На сайце кампаніі гаворыцца, што яна займаецца "забеспячэннем бяспекі бізнесу ва ўмовах зменлівага заканадаўства, нестабільнай палітычнай і эканамічнай сітуацыі".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі