Чаму Канапацкую не адпускаюць у ЕС і што ёй пагражае за паездку без дазволу

Чаму Канапацкую не адпускаюць у ЕС і што ёй пагражае за паездку без дазволу

Кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў не дазволіла Ганне Канапацкай афіцыйна удзельнічаць у Форуме грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства  Маўляў, гэта ― не парламенцкая дзейнасць.

Ганна Канапацкая адразу кажа: усё адно знойдзе магчымасць быць у Таліне. Але чым гэта можа для яе скончыцца? Вядома, што за паездку “без дазволу” ў чэрвені ў Брусель на сустрэчы ў Еўрапарламенце Канапацкай урэзалі заробак ― не залічылі ёй гэтыя два “брусельскія” дні.

“У табелі працоўнага часу ўказваецца, да прыкладу, камандзіроўка, прагул, 8 гадзін, адпачынак, ці адпачынак за свой рахунак. Нейкая пазнака ў табелі працоўнага часу павінна стаяць. У мяне гэтыя два дні пустыя, проста не аплацілі, і ўсё”, ― кажа Ганна Канапацкая.

Як яшчэ могуць пакараць народнага абранніка? Звольніць “за прагулы” не могуць ― пазбавіць дэпутата мандата могуць толькі яго выбаршчыкі.

А вось не заплаціць за тыя дні, падчас якіх яна займалася “не дэпутацкай працай” могуць і павінны, кажа дэпутат Валерый Барадзеня.

Валерый Барадзеня: “У нас дэмакратычная дзяржава, свабодная ― узяла адпачынак, і паехала. Узяла, і так паехала ― атрымала яшчэ два прагулы. Але ж гэта імідж псуецца. Трэба людзям расказаць, дзе ты боўтаўся гэтыя дні, чаму ты не працаваў як патрабуецца. Да прыкладу, старшыня Федэрацыі лёгкай атлетыкі, дэпутат Вадзім Дзевятоўскі ездзіць паўсюль за свой кошт. І амаль не атрымлівае заробак у парламенце. Што ненармальна, я лічу. Старшыня назіральнай рады Чырвонага крыжа за свой кошт ездзіць і амаль не атрымлівае заробак”.

Атрымліваецца, што калегі Ганны Канапацкай не лічаць яе удзел у Форуме грамадзянскай супольнасці ці удзел у сустрэчах у Еўрапарламенце, за якія яна атрымала два прагулы, парламенцкай дзейнасцю. Такое стаўленне абурае дэпутата ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Ганна Канапацкая: “А чаму гэта не парламенцкая дзейнасць?! Што, парламентарый не павінен мець зносіны з грамадзянскай супольнасцю? Што, грамадзянская супольнасць не з’яўляецца крыніцай прававых зносін? Ці ж не на грамадзянскую супольнасць скіраваны закон “Аб масавых мерапрыемствах”, які цяпер знаходзіцца на разглядзе ў Палаце прадстаўнікоў? Ці не нам Еўрасаюз кажа: “Паважныя парламентарыі, калі ласка, наладжвайце стасункі з грамадзянскай супольнасцю і апазіцыяй? Калі ласка, кажуць, будуйце дыялог, аднаўляйце сувязі. Што ў нас з’яўляецца непарламенцкай дзейнасцю ў Беларусі, калі адзіным заканадаўчым органам з’яўляецца Нацыянальны сход? І хто, калі не грамадзянская супольнасць, з’яўляецца крыніцай і спажыўцом норм права?”

Дэпутат Валерый Барадзеня нечакана заяўляе: ехаць на форум у Талін Ганне Канапацкай… ніхто не забараняў!

Валерый Барадзеня: “У нас не можа ніхто некага некуды не пусціць. Проста яна хацела камандзіроўку афіцыйную. Але разумееце ― абмежаваны бюджэт. І ёсць пэўны алгарытм, па якім камандзіруюцца дэпутаты туды-сюды. Я, дарэчы, быў у Бундэстагу і цікавіўся: “Чаму такі падыход? Вось, Ганну Канапацкую лічыце абранай усім народам, і яна такая дэмакратычная, і таму яе паўсюль запрашаюць сто разоў. Яна і так шмат ездзіць, яна была там, дзе шмат хто з дэпутатаў ніколі ў жыцці не быў. Думаю, павінна быць нешта, хаця б падобнае на справядлівасць”.

У законе “Аб паўнамоцтвах дэпутата Палаты прадстаўнікоў” нічога не сказана пра пакаранне дэпутата за “прагулы”. Як і не прапісана, што лічыцца прагуламі.

Фота Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі