Чаму праз два месяцы пасля выбараў дэпутатам заплацілі "за выслугу гадоў"?
Дэпутатка Ганна Канапацкая апублікавала ў Facebook здымак разліковага лістка са сваім заробкам. У кастрычніку Палата прадстаўнікоў працавала няпоўны месяц — сесія пачалася толькі 11-га чысла. На рукі Ганна атрымала 1058,67 рубля. Па курсе на 1 лістапада, калі быў атрыманы заробак, гэта 555 долараў.
У разліковым лістку Ганны Канапацкай усяго чатыры радкі. А пытанняў у сувязі з імі ўзнікае нашмат больш.
Як адна дэпутатка адпрацавала на тры дні больш за іншую?
Намесніца старшыні ТБМ Алена Анісім у лістападзе таксама атрымала першы дэпутацкі заробак. У кастрычніку яна адпрацавала... на тры дні больш, чым Ганна Канапацкая! Ва ўсялякім выпадку, калі меркаваць па разліковых лістках. У Канапацкай — 12 працоўных дзён, а ў Анісім — 15! Гэта дзіўна: дэпутаткі абраныя ў парламент у адзін дзень, у адзін дзень прыйшлі на адкрыццё сесіі.
"У кастрычніку хто з 11-га аформіўся, а хто, можа, і пазней. Гэта ж быў няпоўны месяц, — знаходзіць тлумачэнне Алена Анісім. — Заробак у нас выплачваецца 1 чысла, а 15-га будзе аванс. Таму квіток за ўвесь месяц мы ўбачым толькі 1 снежня".
За 15 дзён Алена Анісім атрымала каля 1300 рублёў. Гэта прыкладна 3/4 ад поўнага дэпутацкага заробку за кастрычнік. Гіпатэтычна, цалкам заробак складзе каля 1800 рублёў ($1000).
"Калі будуць скаргі на Канапацкую — мы ў яе забярэм прэмію"
А вось дэпутат і казацкі атаман Мікалай Улаховіч на Ганну Канапацкую дужа пакрыўдзіўся:
"Спадарыня Канапацкая зрабіла непрыгожа. Тут ніхто не хавае свой заробак; я таксама мог бы паказаць. І я ўпэўнены, што ў нас будзе адзін да аднаго, — распавядае ён. — Але мой пункт гледжання: калі параўноўваць заробак нашых дэпутатаў з заробкамі дэпутатаў іншых дзяржаваў, дык мы, на жаль, апынемся ўнізе спісу".
Улаховіч кажа, што за першы месяц працы ў Палаце прадстаўнікоў атрымаў якраз той заробак, на які разлічваў. Увогуле ж, пасля абрання ў парламент ён у заробку страціў.
Што праўда, дакладных лічбаў са свайго разліковага лістка старшыня Беларускай патрыятычнай партыі не памятае. І вельмі здзіўляецца, калі Еўрарадыё кажа яму, што Ганна Канапацкая атрымала прэмію за кастрычнік:
"Не думаю, што мы за паўтара месяцы зарабілі прэмію... Але, у прынцыпе, гэта рэгулюецца палажэннем аб заработнай плаце. Мы ж такія ж дзяржслужачыя, як усе астатнія [дэпутаты з'яўляюцца дзяржслужачымі другога класа. І атрымліваюць за гэта адпаведную надбаўку. — Еўрарадыё]. Але калі на Канапацкую будуць скаргі, ці ў яе будуць парушэнні працоўнай дысцыпліны — мы ў яе забярэм прэмію. Я першы за гэта прагаласую".
Пакуль на Ганну Канапацкую ніхто не паскардзіўся. Але скаргі на некаторых яго калег ужо ляжаць, і ён "нават ведае, на каго".
Прэмія — кожнаму дэпутату свая
Як мяркуе кіраўнік прэс-службы Палаты прадстаўнікоў Віталь Ермаковіч, пытанне пра памер прэміі вырашае кіраўніцтва парламента. Мікалая Улаховіча і гэтая акалічнасць крыху бянтэжыць. "Мы ж тут усе роўныя!" — кажа ён.
Цалкам верагодная сітуацыя, калі за кошт прэміяў лічбы ў дэпутацкіх разліковых лістках будуць істотна адрознівацца.
"Выслуга лет" у дэпутатаў, якія пабылі дэпутатамі толькі месяц?
Яшчэ адзін радок у разліковым лістку Ганны Канапацкай гучыць як "Надбаўка за высл.гадоў (дэп.)". Гучыць загадкава, бо дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шостага склікання абраныя ўсяго два месяцы таму, а працуюць і таго менш. А за "выслугу" ужо набегла прыстойная сума — 286 рублёў!
"Надбаўкі за стаж звычайна прызначаюцца па вызначанай шкале. Там можа быць такі прамежак, як 0-1 год — 15%, 1-2 года — 20% і гэтак далей. Але ў разліковым Ганны Канапацкай нейкі шалёны адсотак выходзіць: 40% ад сумы акладу і надбаўкі за клас дзяржслужачага, — тлумачыць Еўрарадыё знаёмая бухгалтарка. — Але ў гэтым пункце можа ўлічвацца і агульны працоўны стаж таксама".
Таго ж меркавання прытрымліваецца і Алена Анісім: у гэтым радку пазначаная надбаўка за агульны працоўны стаж. У такім выпадку ва ўсіх дэпутатаў яна будзе рознай.
У прэс-службе Палаты прадстаўнікоў патлумачыць значэнне радкоў з разліковага лістка Ганны Канапацкай, на жаль, не змаглі. Кажуць, бухгалтэрыя — гэтая не іх профіль.