Чаму расце долар і калі ён спыніцца?

9 чэрвеня долар абнавіў гістарычны максімум — 15 488 рублёў па курсе Нацбанка. Рубель падае ўжо тыдзень, а калі спыніцца, не бяруцца казаць нават эканамісты. Якія прычыны называюць эксперты і чаго чакаць далей?

"Панікі не будзе, долар моцна не вырасце"

Сяргей Чалы, вядучы праграмы "Эканоміка на пальцах":

Усё залежыць ад расійскага рубля. Цяпер Нацбанк практычна не рэгулюе курс долара. Людзі прывыклі, калі пачынаецца рост долара па 100 рублёў у дзень, станавіцца чэргамі ў абменнік. Але цяпер баяцца няма чаго. У апошняй справаздачы МВФ напісана, што насельніцтва здае валюту, бо не хапае рублёў для падтрымання звыклага ўзроўню спажывання. Калі продаж валюты вымушаны, калі вольных рублёў не хапае, то нельга казаць, што гэта прывядзе да панікі. 

"Беларускі рубель падае за расійскім"

Леанід Заіка, кіраўнік аналітычнага цэнтра "Стратэгія":

— Беларускі рубель ідзе туды ж, куды ідзе расійскі. Мы звязаныя канкурэнтнымі адносінамі па кошце нашай валюты. Расійскі рубель дэвальвуецца і будзе дэвальвавацца прыкладна ад 50 да 60 рублёў за долар. А мы паралельна робім тое самае. Іначай ёсць небяспека падзення экспарту ў Расію. Нашы тавары там і так цяпер каштуюць часам больш, чым расійскія аналагі.

"Банкі набываюць валюту. Калі набудуць — долар спыніцца"

Вадзім Іосуб, старшы аналітык кампаніі “Альпары” ў Мінску:

— Гэта ўжо нельга спісаць на вонкавы фактар, бо адначасова растуць і долар, і еўра, і расійскі рубель. Цяпер аб'ём таргоў на біржы невялікі, але гэта можа ўплываць на курс.  Я прапаную наступную версію. Банкі чакаюць моцнага росту курсу валюты і могуць самастойна набываць валюту для сябе ў спадзяванні на яе рост. Але яны абмежаваныя ў магчымасцях. Калі банкі закупяцца напоўніцу, набудуць столькі валюты, колькі могуць, тады валюта перастане расці і пачне зніжацца. Але па тэрмінах не магу прагназаваць.

"Не трэба звяртаць увагу на хістанні долара"

Антон Боўтачка, эксперт мінскага ліберальнага клуба:

— Неабходна разумець, што ментальная прывязка да долара не зусім правільная. Праз гэта не разгледзіш цяперашні стан рубля. Калі мы бачым дынаміку з доларам, то трэба глядзець таксама на еўра і расійскі рубель. Беларускі рубель пачаў паводзіць сябе больш адчувальна да зменаў на Міжнароднай валютнай біржы. Змена курсу долара — гэта вынік таго, як паводзяць сябе валюты на міжнароднай біржы. Мы бачым проста хістанне ў пэўным калідоры. Але гэта ў межах 5%. Што да перспектыў, то гэта залежыць ад палітыкі Нацбанка. За перыяд першага квартала Нацбанк трымае свае абяцанні.

"Няма валюты ў краіне, таму долар даражэе"

Леанід Злотнікаў, выкладчык эканомікі, кандыдат эканамічных навук:

— Нам небяспечна адставаць ад расійскага рубля, туды і так экспарт знізіўся на траціну. Паступленне валюты ў краіну нязначнае, да таго ж ідзе вяртанне даўгоў. І гэта адбываецца не за валютныя рэзервы. Да таго ж расце ўнутраны валютны доўг, калі прадаюцца аблігацыі. У тым ліку за гэта мы вяртаем даўгі. Карацей кажучы, няма валюты ў краіне. Людзі прадаюць валюту, але гэта не ўплывае на сітуацыю, бо яе набываюць прадпрыемствы. Змяншэнне валюты ў краіне адбіваецца на курсе. Гэта ўсё ўплывае і на крэдытны рэйтынг Беларусі, ніхто не хоча даваць нам грошай. У нашай мадэлі безвыходнае становішча, пакуль такая мадэль будзе заставацца, нічога не наладзіцца, нельга чакаць, што долар упадзе.

Калі падсумаваць, то эксперты не бяруцца даваць прагноз наконт далейшага падзення ці росту рубля. Многія сыходзяцца на тым, што рубель вырасці не зможа. Але яго катэгарычнае падзенне ці разавую дэвальвацыю пакуль ніхто не прагназуе.

Фота: tvrain.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі