Частка рассакрэчаных дакументаў СБУ можа датычыцца Беларусі

Адкрыццё архіваў Службы бяспекі Ўкраіны, якое адбываецца ў адпаведнасці з указам прэзідэнта Віктара Юшчанкі, зацікавіць і беларускіх навукоўцаў. Да канца 2009 года Галоўны дэпартамент архіўнага забеспячэння СБУ збіраецца зняць грыф сакрэтнасці з архіўных збораў 1917-1991 гадоў. Яго кіраўнік Уладзімір Вятровіч распавёў Еўрарадыё пра тое, што, на яго думку, падобная праца прынясе карысць не толькі для гісторыі, але і для сучаснасці Ўкраіны, у тым ліку і ў справе змяншэння спекуляцый з гістарычнымі пытаннямі ў сённяшнім палітычным жыцці гэтай краіны. 

Уладзімір Вятровіч: “Я думаю, што шмат так званых “белых плямаў” украінскай гісторыі запоўніцца гістарычнай інфармацыяй. Шмат момантаў украінскай гісторыі, якія перакручваюцца, мы пабачым у іншым святле.

Мяркую, што  найбольшая значнасць гэтых дакументаў усё ж для гісторыі. Вядома, гэта адаб’ецца і на сённяшнім дні, тым больш, што шмат гістарычных пытанняў у нас дагэтуль выкарыстоўваецца ў разнастайных палітычных спекуляцыях і маніпуляцыях. Спадзяюся, што адкрыццём гэтых дакументаў мы пазбавім палітыкаў магчымасці маніпуляваць гісторыяй”. 

Іншай, не менш важнай, функцыяй адкрыцця архіваў эксперт бачыць аб'яднанне украінцаў.

Уладзімір Вятровіч: “Перакананы, што праўдзівая, непрыхаваная гісторыя - гэта якраз тая глеба, тая платформа, якая можа аб'яднаць украінцаў”.

А вось аб падрыхтоўцы люстрацыйнага працэсу ва Ўкраіне пакуль казаць заўчасна, кажа Вятровіч. Пакуль лічыцца, што адкрытая інфармацыя будзе выкарыстоўвацца выключна ў навуковых мэтах. 

Уладзімір Вятровіч: “Люстрацыя прадугледжвае існаванне заканадаўчага абгрунтавання. У нашым выпадку гаворка пра гэта не ідзе. Ідзе гаворка толькі пра адкрыццё архіву і доступу да той інфармацыі”.

Але на адным толькі рассакрэчванні дэпартамент сваю дзейнасць спыняць не збіраецца. Паводле Ўладзіміра Вятровіча, у бліжэйшых планах таксама і папулярызацыя адкрытай інфармацыі:

“Мы ўзялі на сябе абавязак да канца года закончыць зняццё грыфаў сакрэтнасці. Пасля гэтага, наступным крокам будзе стварэнне магчымасці доступу да гэтых матэрыялаў праз інфармацыйна-даведкавыя залы, дзе будуць электронныя копіі гэтых матэрыялаў, праз стварэнне адмысловага вэб-парталу, які будзе стварацца для таго, каб можна было працаваць з гэтымі дакументамі з любой кропкі зямнога шару.

Нашая функцыя - зрабіць гэтыя матэрыялы даступнымі для таго, каб акадэмічныя навукоўцы, журналісты, людзі, якія проста гэтым цікавяцца, маглі іх выкарыстоўваць і вывучаць”.

Таксама спадар Вятровіч зазначыў, што праца цэнтру можа быць карыснай і для беларускіх навукоўцаў, якіх, зрэшты, украінцы гатовыя запрашаць да супрацоўніцтва.

Уладзімір Вятровіч:
“Так ці іначай, матэрыялы, якія ў нас знаходзяцца - гэта частка агульнай мазаікі матэрыялаў ад ЦК да КГБ, і я мяркую, што яны пакрываюць большы абшар, чым толькі тэрыторыю Ўкраіны. Частка з іх можа датычыцца і Беларусі. Для таго, каб выявіць такія матэрыялы, мы гатовыя запрасіць да сябе беларускіх даследчыкаў, каб яны працавалі з гэтымі дакументамі.

Я думаю, што тых матэрыялаў, якія знаходзяцца ва Ўкраіне, у архіве дастаткова для амбіцыйных маладых навукоўцаў – сапраўдны кландайк”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі