Частку паўнамоцтваў прэзідэнта могуць перадаць ураду — Міклашэвіч

Пётр Міклашэвіч / БЕЛТА​
Пётр Міклашэвіч / БЕЛТА​

Частка паўнамоцтваў прэзідэнта можа быць перададзеная ўраду. Такая прапанова была агучаная на пасяджэнні Канстытуцыйнай камісіі, якая збірае ідэі па ўнясенні змяненняў у Асноўны закон.

Прапанову аб замацаванні шэрагу прэзідэнцкіх паўнамоцтваў за ўрадам агучыў кіраўнік камісіі — старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч, перадае БЕЛТА.

Міклашэвіч таксама распавеў, што прапануецца пашырыць паўнамоцтвы прэм'ер-міністра, узмацніць яго ролю ў фарміраванні ўрада. Такое ўзмацненне "накіравана на павышэнне ролі прэм'ер-міністра і ўзмацненне як яго адказнасці, так і адказнасці ўрада ў цэлым".

Кіраўнік Канстытуцыйнай камісіі таксама заявіў, што зараз у Беларусі няма аб'ектыўнай неабходнасці мяняць форму праўлення "на парламенцкую або парламенцка-прэзідэнцкую".

"Мінулы 25-гадовы перыяд пацвердзіў эфектыўнасць, заможнасць і мэтазгоднасць функцыянавання інстытута прэзідэнцтва", цытуе Міклашэвіча Sputnik Беларусь.

У канцы сакавіка Аляксандр Лукашэнка правёў спецыяльную нараду па "пераразмеркаванні паўнамоцтваў" паміж органамі дзяржаўнай улады. Там ён заявіў, што "ў прэзідэнта застануцца асноўныя паўнамоцтвы, якія могуць уплываць на любое рашэнне знізу даверху".

"Дзе б ні быў Лукашэнка, які б ні быў тут прэзідэнт, ён будзе кіраўніком дзяржавы з моцнымі паўнамоцтвамі", — сказаў ён.

Кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына на гэтым тыдні пацвердзіла, што рэферэндум па змяненні Канстытуцыі можа адбыцца ў пачатку наступнага года — яго плануюць "на студзень-люты". У лютым такія тэрміны абазначыў Лукашэнка. Паводле яго ідэі, плебісцыт можна сумясціць з мясцовымі выбарамі, якія, згодна з календаром ЦВК, мусяць прайсці не пазней за 18 студзеня 2022 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі