Чатыры смерці за месяц. Чаму сілавікі заканчваюць жыццё самагубствам
У жніўні паведамленні аб самагубстве міліцыянтаў і салдат-кантрактнікаў прыходзілі кожны тыдзень. Псіхолаг тлумачыць, чаму так адбываецца.
10 жніўня на адной з памежных заставаў каля Бераставіцы застрэліўся памежнік. Трагедыя адбылася а 10-й раніцы. Малады чалавек падчас дзяжурства зайшоў у падсобку і стрэліў у сябе з пісталета.
Пра загінулага вядома не шмат: 21-22 гады, кантрактнік. Тэрміновую службу ён праходзіў на гэтай жа заставе, а потым падпісаў кантракт. Некаторыя калегі загінулага выказваюць меркаванне, што прычынай стала няшчаснае каханне.
Праз дзесяць дзён у Мінску застрэліўся супрацоўнік Дэпартамента аховы. Здарэнне адбылося 20 жніўня прыкладна ў 19.45. Міліцыянт батальёна міліцыі Ленінскага раёна нёс службу на сваім посце, там жа стрэліў у сябе з пісталета. Некаторы час пасля гэтага ён яшчэ быў жывы, пацярпелага паспелі прывезці ў лякарню хуткай дапамогі з раненнем і зрабілі яму аперацыю. 21 жніўня міліцыянт памёр, не прыходзячы ў прытомнасць.
Пазней стала вядома, што гэта быў 21-гадовы хлопец, які перад тым, як звесці рахункі з жыццём, пакідаў у сацыяльных сетках трывожныя запісы.
Салдат застрэліўся на палігоне пад Барысавам
Салдат атрымаў тры баявыя патроны і пайшоў на агнявы рубеж. Аднак ён не дайшоў некалькі метраў, калі прыставіў аўтамат сабе да падбародка і выпусціў усе патроны ў галаву.
Наступнае здарэнне адбылося 24 жніўня на ваенным палігоне ў Печах пад Барысавам. Ранкам на 227-м аб'яднаным палігоне праводзіліся вучэбныя стрэльбы. Адзін з іх удзельнікаў, салдат, атрымаў тры баявыя патроны і пайшоў на агнявы рубеж. Аднак не дайшоў некалькі метраў, прыставіў аўтамат сабе да падбародка і выпусціў усе патроны ў галаву. Салдат загінуў на месцы — гэта канстатаваў медык, які дзяжурыў на палігоне.
29 жніўня трагічны выпадак здарыўся ў будынку ўпраўлення ДАІ Гродзенскай вобласці. Адзін з супрацоўнікаў інспекцыі павесіўся ў сваім службовым кабінеце. Мужчына займаў пасаду намесніка камандзіра ўзвода. Паводле папярэдняй інфармацыі, на самагубства афіцэра падштурхнулі прычыны асабістага характару, не звязаныя са службовай дзейнасцю.
Па ўсіх трагедыях праводзяцца праверкі. У выпадку з супрацоўнікамі МУС гэтым займаюцца следчыя СК, смерці салдат расследуе Мінабароны. Як правіла, вынікі праверак не публікуюць, іх накіроўваюць толькі кіраўніцтву і родным загінулых.
Псіхолаг Ларыса Паўленка:
"Увогуле, я думаю, яны ўваходзяць у групу рызыкі. Праца альбо служба ў сілавых структурах ― гэта пастаянны стрэс, пастаянныя складаныя сітуацыі. Нехта вытрымлівае. Але, магчыма, ёсць людзі, якім пастаянна знаходзіцца ў напружанай сітуацыі складана... Гэтыя чатыры выпадкі сведчаць, як мне падаецца, аб тым, што, магчыма, адбор на такія пасады можа быць больш дасканалым. У людзей павінна быць у парадку нервовая сістэма. Стрэсаўстойлівасць павінна быць больш высокай. Ці ўплывае на колькасць суіцыдаў блізкасць зброі? Думаю, гэта не асабліва ўплывае на прыняцце чалавекам такога рашэння. Хаця, такі спосаб, вядома, пад рукой, калі чалавек ужо надумаў".