"Чорную скрыню" збітага на сірыйска-турэцкай мяжы Су-24 расшыфраваць немагчыма
"Чорную скрыню" збітага на сірыйска-турэцкай мяжы расійскага Су-24 расшыфраваць пакуль немагчыма. Пра гэта ў панядзелак заявіў Сяргей Байнетаў, намеснік начальніка службы бяспекі палётаў авіяцыі Узброеных сілаў Расіі. Ён выказаў меркаванне, што, магчыма, удасца расшыфраваць дадзеныя толькі з адной з 16 мікрасхемаў. Але для гэтага давядзецца прыцягваць спецыялістаў з спецыялізаваных Навукова-даследчых інстытутаў, паведамляе meduza.io.
Пра тое, што "чорная скрыня" мае пашкоджанні, было вядома і раней. Паводле слоў Байнетава, пацярпела не толькі абалонка, але і ўнутраны кантэйнер, у якім захоўваюцца мікрасхемы.
Нагадаем, расійскі Су-24, які ўдзельнічаў у антытэрарыстычнай аперацыі ў Сірыі, быў збіты турэцкім знішчальнікам 24 лістапада. Турцыя заявіла, што ён парушыў яе паветраную прастору і не рэагаваў на папярэджанні. Расія гэта адмаўляе, сцвярджаецца, што самалёт быў збіты над Сірыяй. Пры гэтым загінуў пілот, які паспеў катапультавацца, але быў расстраляны баевікамі з зямлі.
Пасля таго, як Турцыя адмовілася прыносіць прабачэнні за збіты самалёт, Масква ўвяла супраць Анкары эканамічныя санкцыі. З 1 студзеня забараняецца ўвоз у Расію шэрагу прадуктаў з Турцыі.
Фота: ria.ru