Чым Мугабэ больш дэмакратычны за Лукашэнку
"Вечны" прэзідэнт Зімбабвэ Роберт Мугабэ сышоў у адстаўку ва ўзросце 93 гадоў. У Беларусі адразу прыгадалі, што Аляксандру Лукашэнку цяпер 63 гады. "Ну, беларусы, лічыце самі!" — сумна жартуюць у сацсетках.
Але ці толькі ва ўзросце палітыкаў справа? Еўрарадыё паглядзела, у чым Зімбабвэ больш прагрэсіўная краіна, чым Беларусь.
Роберт Мугабэ не выйграе выбары з over 80% галасоў
Памятаеце, колькі Аляксандр Лукашэнка набраў на выбарах 2015 года? Нагадаем, калі вы забыліся: 83,49%. У 2010-м элегантная перамога была здабытая з вынікам у 79,65%. У 2006 нязменная старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына абвясціла, што за Лукашэнку аддадзена 82,6% галасоў.
У Зімбабвэ лічбы на выбарах зусім іншыя! У 2013 годзе Мугабэ выйграў выбары ў першым туры, набраўшы 61,09% галасоў. А ў 2008 годзе, каб абраць прэзідэнта Зімбабвэ, нават спатрэбіўся другі тур. У Мугабэ было крыху больш за 43% галасоў. А яго сапернік крыху не дацягнуў да перамогі ў першым туры!
Калі Мугабэ сыходзіць, парламент Зімбабвэ танцуе
Вы можаце сабе прадставіць, каб 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў пусціліся ў скокі, пачуўшы, што Аляксандр Лукашэнка вырашыў саступіць прэзідэнцкую пасаду пераемніку?
Дарэчы, пра пасаду і пераемнікаў
Роберт Мугабэ стаў прэзідэнтам Зімбабве 31 снежня 1987 года. Да адстаўкі 21 лістапада 2017-га ён прабыў на гэтай пасадзе амаль 30 гадоў. Аляксандру Лукашэнку, каб паўтарыць яго дасягненне, засталося выйграць ячшэ адны выбары і адбыць яшчэ адзін прэзідэнцкі тэрмін.
Для кіраўніка Беларусі ў гэтым няма абсалютна нічога нерэальнага. Было б жаданне.
У рэйтынгу свабоды СМІ Зімбабвэ на 25 месцаў вышэй за Беларусь
"Рэпарцёры без межаў" кожны год публікуюць рэйтынг свабоды СМІ. І Беларусь, і Зімбабвэ ў апошнім рэлізе рэйтынгу зафарбаваныя чырвоным колерам. Але афрыканская краіна займае 128-е месца, Беларусь — 153-е.
Заканадаўства Зімбабвэ прадугледжвае пакаранні за асвятленне пратэстаў, расследаванні выпадкаў карупцыі ва ўрадзе, рэпартажы пра жабракоў і беспрацоўе. "Было шмат выпадкаў, калі журналістаў падвяргалі пераследу, арышту, асуджэнню ці гвалту падчас хвалі пратэстаў ў 2016 годзе. Замежныя журналісты таксама пад пагрозай. Двое з іх былі высланыя ў ліпені 2016 года, нягледзячы на акрэдытацыю", — сказана пра афрыканскую краіну ў справаздачы "Рэпарцёраў без межаў". Пераслед журналістаў, акрэдытацыя для замежных СМІ — усё гэта знаёма і беларусам.
У Зімбабвэ практыкуецца смяротнае пакаранне
Як і ў Беларусі. Але ёсць істотнае адрозненне: у афрыканскай краіне смяротныя прысуды не прыводзяць у выкананне. Год таму Зімбабвэ нават "хайпанула", падарыўшы міжнародным СМІ навіну пра тое, што ў краіне скончыліся кáты.
Апазіцыйны прэм'ер-міністр
На думку палітолага Алеся Лагвінца, хто больш дэмакратычны, Беларусь ці Зімбабвэ, — пытанне спрэчнае, бо існуе мноства крытэрыяў для параўнання. Напрыклад, з аднаго боку, нашы штрафы і "суткі" палітыкам ні ў якое параўнанне не ідуць з метадамі, якімі ўтрымліваў уладу Мугабэ. З іншага — у Зімбабвэ часам сапраўды можна знайсці прыкметы большай дэмакратычнасці, чым у Беларусі.
"У Зімбабвэ была такая сітуацыя, калі апазіцыйны лідар перамог у першым туры. Пасля ён адмовіўся ўдзельнічаць у выбарах, бо пачаўся вялізарны ціск на яго і яго каманду. Але гэта справакавала такія пратэсты, што праз нейкі час ён стаў прэм'ер-міністрам", — кажа Лагвінец.
Падзеі, пра якія кажа Лагвінец, адбыліся ў 2008 годзе. Cапернікам Роберта Мугабе быў Морган Цвангіраі з "Руху за дэмакратычныя перамены".
Складана сказаць, што беларусам цяжэй уявіць: апазіцыйнага прэм'ер-міністра ці тое, што дзеючы прэзідэнт прайграе першы тур выбараў. Ні таго, ні таго ў нашай краіне даўны-даўно не было. Беларускія чыноўнікі, якія займаюць высокія пасады ва ўрадзе, увогуле мала нагадваюць палітыкаў.
Долар з'яўляецца ў Зімбабвэ афіцыйнай аплатнай адзінкай
Гэта не тое, каб вельмі прагрэсіўная мера, але зімбабвійцы праблему дэвальвацыі вырашылі радыкальна. Але і сітуацыя ў іх была нашмат горшая, чым у беларусаў. У 2008-2009 гадах за паўгода ўрад Зімбабвэ правёў дзве дэнамінацыі, агулам "зрэзаўшы"з банкнотаў 22 нулі. У красавіку 2009 года манетарныя ўлады краіны, якія стаміліся змагацца з абясцэньваннем нацыянальнай валюты, і зрабілі долар ЗША афіцыйнай аплатнай адзінкай. Разам з ім у Зімбабвэ ходзяць паўднёваафрыканскі ранд і кітайскі юань.
Зімбабвэ, як і Беларусь, належыць да найбольш бедных дзяржаў свайго кантынента. Але, калі ў Зімбабвэ адбылася "даларызацыя", дык беларускія ўлады з упартасцю, вартай лепшага прымянення, доўгія гады спрабуюць выжыць долар з эканомікі, быццам бы гэта і ёсць галоўны вораг. Нельга сказаць, што ў іх зусім не атрымліваецца. Але многія беларусы па звычцы пералічваюць цэны ў долары. І канца гэтаму не прадбачыцца.
Замест высновы
Заснавальнік карпарацыі Google Сяргей Брын аднойчы назваў Расію "Нігерыяй у снезе". Гэта выклікала хвалю абурэння. Але калі параўноўваць Беларусь і Зімбабвэ, дык лёгка можна прыйсці да высновы, што Беларусь — гэта Зімбабвэ ў снезе. Паралеляў больш, чым падаецца на першы погляд. Але, спадзяемся, 93-гадовы прэзідэнт не стане адной з іх.