Чым спалохала беларускія ўлады “Карта паляка”?

Чыноўнікі аднагалосна называюць “Карту паляка” абсурдам, палітычным подкупам ды правакацыяй. Але адказу на пытанне, чым гэта будзе дрэнна для беларуса, яны не ведаюць. “Карта паляка” дае права атрымаць бясплатную шматразовую візу ў Польшчу, працаваць без дазволу, паступаць у польскія ВНУ і нават атрымліваць стыпендыі. Такімі льготамі для беларусаў у Польшчы Мінск нечакана абурыўся. МЗС упэўнены, што дакумент “дэстабілізуе міжнацыянальныя адносіны” і падзеліць людзей. Еўрарадыё спрабавала высветліць у чыноўнікаў, чаму гэта “пагражае” стабільнасці нашай краіны. Аднак чыноўнікі толькі прагаворвалі афіцыйную пазіцыю МЗС.

Намеснік старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах і сувязях з СНД Сяргей Касцян упэўнены, што гэта правакацыя польскай улады.

Сяргей Касцян: Гэта чарговая правакацыя, чарговая дурная пазіцыя “ад можа да можа”, якая ніколі не адбудзецца, але ўносіць непрыязнасць паміж двума народамі. Па-другое, у нас паводле Канстытуцыі ўсе грамадзяне Беларусі: паляк, габрэй, украінец, рускі — усе аднолькава роўныя. І мы заўсёды будзем патрабаваць аднолькавых адносін ад нашых суседзяў да нашых грамадзян, незалежна якой яны нацыянальнасці. І нейкія льготы, асобныя правы (палякі гэта ці габрэі) — хай яны забудуць пра гэта, бо гэтага ніколі не будзе.

Сяргей Касцян даў 100% гарантыі, што “Карта паляка” будзе байкатавацца беларускім бокам. Але як гэта магчыма, ён, шчыра кажучы, не ведае:

Сяргей Касцян: Мы гэты закон ніколі не падтрымаем ні на адным узроўні.

Сенатар Мікалай Чаргінец таксама кажа, што паблажкі для польскіх беларусаў прывядуць да падзелу паміж людзьмі.

“Пасля таго як “Карта паляка” была падпісана, спачатку падумаў, што гэта абсурд. У нас жыве 400 тысяч грамадзян Беларусі польскай нацыянальнасці, і вось гэтыя абяцанкі ім накіраваны на адно, каб дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне. Стварыць людзей першага, другога і трэцяга гатунку. Мы хочам, каб такія пытанні польскі бок абмяркоўваў з краінай, дзе пражываюць гэтыя грамадзяне. Прабачце, але ж гэта палітычны подкуп”.

Сенатар кажа, што Беларусі давядзецца прымаць нейкія контрмеры.

Мікалай Чаргінец: Мы распрацуем свае контрмеры — што тут казаць. Гэта нас прымусіць. А якія там меры — гэта трэба спакойна падумаць, каб не перагінаць палку і ў той жа час гэты адказ быў годным.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч вельмі асцярожна кажа пра “Карту паляка”, таму што гэта ўнутраны польскі закон.

Сяргей Гайдукевіч: Мы ж не ўмешваемся ва ўнутраныя справы Польшчы. Польшча мае права прымаць законы, якія яна лічыць патрэбнымі. Але мы хацелі, калі пытанні, якія датычацца нас, каб мы маглі пагаварыць. Мабыць, каб адбыўся такі адкрыты дыялог, гэта пытанне і ламанага шэлега не будзе вартае.

Прэс-сакратар МЗС Андрэй Папоў спасылаецца на тое, што беларускі бок сваю пазіцыю абазначыў тыдзень таму: "Рэалізацыя закону ў яго цяперашняй рэдакцыі здольная сур'ёзна дэстабілізаваць міжнацыянальныя адносіны ў нашай краіне, выклікаць напружанасць у беларускім грамадстве, парушыць яго стабільнасць і спарадзіць недавер паміж беларускімі грамадзянамі розных нацыянальнасцяў".

У чым будзе дэстабілізацыя, Андрэй Папоў не растлумачыў. На пытанне, чаму беларускі бок адрэагаваў праз пяць (!) месяцаў пасля прыняцця закону, прэс-сакратар лаканічна заўважыў:

Андрэй Папоў: Калі палічылі патрэбным, тады і адрэагавалі.

На ўчорашняй лекцыі Аляксандра Лукашэнкі перад студэнтамі факультэта журналістыкі БДУ кіраўнік дзяржавы параўнаў “Карту паляка” з “Картай вугорца”:

"Нашы нядобразычліўцы ўжо не раз рабілі спробу ўмяшацца ва ўнутраныя справы краіны, разыгрываючы нацыянальную карту, штучна раздзімаючы "польскае" і "габрэйскае" пытанне. Свежы прыклад — прыняцце Соймам Польшчы закону "Аб Карце паляка". Не так даўно Венгрыя спрабавала ўвесці такую ж карту для сваіх дыяспар. Аднак тут жа пайшлі ўслед рэзкія пратэсты ад Румыніі, Славакіі ды Аўстрыі. Тады міжнародныя арганізацыі прызналі такую практыку парушэннем правоў чалавека".

Як даведалася Еўрарадыё, “Карта вугорца” прынцыпова адрознівалася ад польскай, бо этнічныя венгры маглі атрымаць падвойнае грамадзянства, супраць чаго і выступаў Еўрасаюз. “Карта паляка” падвойнага грамадзянства не прадугледжвае. Да таго ж “Карта вугорца” правалілася на рэферэндуме з-за нізкай яўкі вугорцаў. Тыя спалохаліся, што ў краіну вернецца шмат народу і гэта выкліча беспрацоўе ды жыллёвы крызіс.

Цікава, што калі ўчора чыноўнікі не ведалі, як тлумачыць, чым небяспечная “Карта паляка”, то сёння, пасля выступу прэзідэнта, амаль даслоўна цытуюць яго словы.

Касцян: Вы ж ведаеце пра “Карту вугорца”, таму мы не дапусцім, каб аналагічнае было ў нашай краіне. Венгрыю не падтрымаў Еўрасаюз, а мы не падтрымаем польскі ўказ. Хай Польшча падтрымлівае ўсіх грамадзян нашай краіны, а не яе меншасць.

Дэкан факультэта міжнародных адносін БДУ Аляксандр Шарапа кажа, што гэта парушэнне правоў чалавека:

Шарапа: Вугоршчына ў свой час спрабавала таксама ўвесці такую карту для сваёй дыяспары. І вы ў курсе справы, як выступілі міжнародныя арганізацыі, асудзіўшы падобнае мерапрыемства. Асудзілі Румынія, Аўстрыя, Славакія ды іншыя дзяржавы, якія мяжуюць з Вугоршчынай. Ну, як гэта карта будзе даваць нейкія прывілеі ў Польшчы, што ён паляк. Гэта парушэнне правоў чалавека, я лічу. У нас сацыяльна-арыентаваная дзяржава, і трэба на месцы вырашаць усе пытанні.

Аналітык Уладзімір Мацкевіч гаворыць, што ў Польшчы — свае рэзоны.

Уладзімір Мацкевіч: Гэта нармальная сітуацыя. Польшча проста стала падымацца на ногі ў эканамічных і іншых адносінах, і таму вельмі рэзонна прыняцце такога закону, і можна толькі прывітаць. Я думаю, што Беларусь таксама, можа не зусім адразу, павінна звярнуцца да сваіх суайчыннікаў за мяжой, каб прыняць адпаведныя законы.

ДАВЕДКА ЕЎРАРАДЫЁ
Сутнасць дакумента ў тым, што "Карта паляка", якая выдаецца на 10 гадоў, дазволіць асобам, не што з'яўляюцца грамадзянамі Польшчы, але далучаюць сябе да польскай меншасці, атрымаць бясплатную шматразовую візу ў Польшчу, паступаць у ВНУ на агульных з грамадзянамі Польшчы падставах і прэтэндаваць на стыпендыі, працаваць і займацца бізнэсам на тэрыторыі Польшчы без дадатковых дазволаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі