Чым выбары прэзідэнта ў Польшчы адрозніваюцца ад беларускіх

Грошы

Самае цікавае пытанне кожнай выбарчай кампаніі — хто плаціць за свята. То бок, за чые грошы той альбо іншы палітык праводзіць зусім нятанную кампанію. У Беларусі бюджэты — таямніца. ЦВК выдзяляе кожнаму з кандыдатаў пэўную суму. Далей яны могуць фармаваць свой фонд за кошт звычайных людзей. У Польшчы крыху іначай. Кандыдатаў на выбары ў асноўным выстаўляюць палітычныя партыі, яны ж фінансуюць кампанію. А вось партыі фінансуе… дзяржава. Пасля кожных парламенцкіх выбараў польскі ЦВК падлічвае, колькі галасоў набрала тая ці іншая палітычная партыя. Не забараняецца карыстацца сваімі ўласнымі грашыма (што сёлета зрабіў, напрыклад, кандыдат і рок-музыка Павел Кукіз), альбо атрымліваць грошы ад спонсараў. Праўда, буйныя бізнэсоўцы фінансуюць выбарчыя кампаніі неахвотна. “У Польшчы такі факт, хутчэй за ўсё, адразу раскрыўся б і моцна ўдарыў па кандыдаце, людзі не хацелі б галасаваць за яго”, — кажа журналіст штотыднёвіка Newsweek Лукаш Ясіна.

У выніку бюджэты кампаній розныя, дакладныя лічбы становяцца вядомыя праз некалькі месяцаў пасля выбараў. Сёлета кампаніі Камароўскага і Дуды ацэньваюцца прыкладна ў 20 мільёнаў долараў кожная. Кампанія Паўла Кукіза, які ўсё фінансаваў самастойна і заняў трэцяе месца з 20% галасоў, — прыкладна ў 2 мільёны.

Выбарчыя камісіі

Іх сістэма крыху нагадвае беларускую. Ёсць ЦВК, акруговыя і іншыя дробныя камісіі, якія таксама складаюцца ў асноўным з настаўнікаў. На гэтым падабенствы заканчваюцца і пачынаюцца сур’ёзныя адрозненні. Польскі ЦВК не існуе пастаянна, а склікаецца пад выбары Канстытуцыйным судом, які не залежыць абсалютна ні ад каго. У склад ЦВК уключаюць суддзяў — кіраваць органам пад кожныя выбары можа ўжо іншы чалавек. Больш дробныя выбарчыя камісіі складаюцца з прадстаўнікоў кандыдатаў і палітычных партый — усе яны ўдзельнічаюць у працэдуры падліку галасоў. У выніку на ўчастках цяжка знайсці назіральнікаў — члены камісіі кантралююць адзін аднаго.

Другі тур

У Беларусі такое здарылася толькі аднойчы — у 1994 годзе. Потым па розных прычынах у асноўнага кандыдата праблем з абраннем у першым туры не ўзнікала. А вось у нашых заходніх суседзяў выбары пасля 1989 года адбываліся пераважна ў два туры, толькі ў 2000 годзе Аляксандр Кваснеўскі змог перамагчы з першага разу. Паміж турамі як і ў Беларусі — два тыдні. Прызначаецца другі тур у тым выпадку, калі ніхто з кандыдатаў не набярэ больш за 50% галасоў, для перамогі ў другім туры гэтае правіла не актуальнае.

Яўка

Калі параўноўваць з Беларуссю, то ў палякаў з гэтым катастрофа. Максімальная яўка за ўсе гады правядзення прэзідэнцкіх выбараў склала “ўсяго” 68,2%. Беларускі ЦВК зласліва хіхікае. Тым больш, што сёлета яўка на прэзідэнцкіх выбарах у Польшчы ўвогуле складае 48,8%. То бок у выбарах удзельнічала менш за палову дарослага насельніцтва. Што праўда, эксперты гавораць аб росце яўкі ў другім туры. Маўляў, прыхільнікі Браніслава Камароўскага з заходняй часткі Польшчы не пайшлі на выбары, бо былі ўпэўненыя ў яго перамозе, і цяпер абавязкова зробяць гэта з другім туры, напалохаўшыся магчымай перамогі кандыдата ад PiS Анджэя Дуды. Паглядзім. Мінімальнага парогу яўкі на выбарах прэзідэнта ў Польшчы няма. Яны адбудуцца нават калі паўдзельнічае 5% насельніцтва.

Датэрміновае галасаванне

Яго няма. Зусім. Альбо галасуеш у дзень выбараў, альбо не галасуеш. Грамадзяне, якія жывуць за мяжой, могуць прагаласаваць у амбасадах, альбо па пошце праз адмысловы бланк. У выніку такі падыход адмоўна ўплывае на яўку. Але станоўча на падтасоўкі вынікаў — іх таксама няма ці, прынамсі, яны не заўважныя. Адзіны афіцыйна вядомы эпізод раскрыўся яшчэ ў канцы 90-х, калі на адным з участкаў нехта ўкінуў у скрыню пачак бюлетэняў. Вынікі выбараў на ім былі ануляваныя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі