Чым займаюцца беларускія ідэолагі?
На кожнай буйной беларускай вытворчасці, у кожным райвыканкаме ёсць свой ідэолаг, а часам і цэлы аддзел ідэалогіі. Звычайна ідэолаг — гэта салідна апрануты чалавек сярэдняга ўзросту, які займае асобны кабінет. Днямі ў інтэрнэце з’явілася інфармацыя, што заробак ідэолага аднаго з прадпрыемстваў ў 2,5 разу перавышае сярэдні па Беларусі.
Напэўна, за гэтыя немалыя грошы ідэолаг вырашае нейкія важныя пытанні? Еўрарадыё злавіла сябе на тым, што мы... не ведаем, чым займаецца ўся гэтая армія ідэолагаў! Тады мы звярнуліся ў ідэалагічныя аддзелы беларускіх прадпрыемстваў і райвыканкамаў, і папрасілі іх кіраўнікоў распавесці пра свой звычайны працоўны дзень.
Высветлілася, што праца ідэолага настолькі адказная і напружаная, што часу распавядаць пра яе журналістам няма.
“Чаму мы павінны адказваць?”
Вядучы спецыяліст па ідэалагічнай працы на Глыбоцкім малочнакансервавым камбінаце Віктар Капылоў не захацеў адказваць на пытанні Еўрарадыё.
“Я не ведаю, хто са мной размаўляе. Чаму мы павінны вам даваць такія адказы? Звяртайцеся з афіцыйным запытам”, — адказаў вядучы ідэолаг і кінуў трубку.
Вельмі занятая
Не змаглі адказаць на нашы пытанні і ў ідэалагічным аддзеле салігорскага прадпрыемства “Купалінка”. Намесніца дырэктара па ідэалагічнай працы Ілона Гражынская спачатку папрасіла патэлефанаваць пазней. Але і потым адмовілася патлумачыць Еўрарадыё, у чым заключаецца яе праца, спаслаўшыся на вялікую занятасць.
Паглядзіце ў інтэрнэце
Не знайшлі магчымасці распавесці Еўрарадыё пра сваю працу і на Талачынскім кансервавым заводзе. Намесніца дырэктара па ідэалагічнай працы Валянціна Арабчык адказала, што няма часу нешта тлумачыць, і параіла паглядзіць службовыя абавязкі ідэолагаў у інтэрнэце.
Працуе ў калектыве
Не ўсе ідэолагі закрываюцца ад журналістаў. Галіна Кавалёва, намесніца галоўнага дырэктара па ідэалагічнай працы Рагачоўскага малочнакансервавага камбіната, распавядаць пра сваю працу не стала, маўляў, па тэлефоне не хопіць часу. Затое распавяла пра прадпрыемства, на якім працуе:
“Сёння наша прадпрыемства квітнее. Работнікі маюць годную аплату працы і іншыя сацыяльныя льготы, прадугледжаныя вялікай калектыўнай дамовай. Вось гэта, напэўна, і ёсць вынік працы нашага калектыву. Мой у тым ліку”.
На прадпрыемстве дадаюць, што адкрытыя для дыялогу і для канструктыўнага супрацоўніцтва, і прапанавалі нам прыехаць і паглядзець, як працуе завод.
Выводзяць на пазітыў
На віцебскім заводзе “Віцязь” лічаць, што праца ідэолага — у любой сітуацыі шукаць пазітыўныя моманты.
“Як бы ні было цяжка фінансава, адназначна павінны быць станоўчыя моманты, — адказала Еўрарадыё памочніца генеральнага дырэктара па ідэалагічнай працы Алена Няжурына. — Мы праводзім выставы, сустрэчы з ветэранамі. Трэба на пазітыў выводзіць народ”.
“Хоць вам пра сваю працу раскажу”
Акрамя ідэалагічных аддзелаў на прадпрыемствах, Еўрарадыё звярнулася ў райвыканкамы. У аддзеле ідэалагічнай працы Дубровенскага райвыканкама нам распавялі, што вядуць вялікую культурную працу. Але не толькі.
“Працоўны дзень вельмі насычаны, — распавядае начальніца адзела Людміла Дударава. — 2 красавіка быў Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. На мяжы мы сустракалі расійскую дэлегацыю. Знаёмілі людзей з горадам, з культурай.
У мяне стаж працы больш за дваццаць гадоў, але дзве тысячы рублёў я ніколі не атрымлівала. Нават і блізка да гэтага няма”.
Чыноўніца працягвае распавядаць пра шматлікія культурныя падзеі, якія пройдуць у раёне ў бліжэйшыя месяцы:
“Яшчэ працуем над падпіскай на перыядычныя выданні. У нас ёсць “Дняпроўская праўда”, [падпіску] на якую мы павінны забяспечыць. І яшчэ на абласную газету “Витебские вести”. Нялёгкі, скажам так, накірунак. Займаемся і добраўпарадкаваннем. Давайце, я вам яшчэ раскажу... Я хоць каму пра гэта раскажу”.
Працуе з народам
У аддзеле ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Шаркаўшчынскага райвыканкама Еўрарадыё распавялі, што не сядзяць у кабінетах.
“Пачнём з таго, што праца не кабінетная, — распавяла начальніца аддзела Людміла Стома. — Мы ў народзе, у працоўных калектывах. У дадзены момант мы рыхтуемся да мерапрыемства “Чалавек года Шаркаўшчыны”. Да нас пастаянна звяртаюцца людзі”.
Што тычыцца заробку ў 2500 рублёў, прадстаўніца райвыканкама кажа, што іх заробак далёкі ад гэтай лічбы: “Мы на дзяржаўнай службе, таму як ва ўсіх, так і ў нас”.
У райвыканкаме дадаюць, што пасада ідэолага патрэбна грамадству: “Калі ў кабінеце знаходзішся, дык званкі ад людзей пастаянна ідуць”.