Ці дачакаецца бізнес Чыжа выхаду свайго гаспадара з-за кратаў?

Ці дачакаецца бізнес Чыжа выхаду свайго гаспадара з-за кратаў?

Затрыманне ўладальніка групы кампаній “Трайпл” Юрыя Чыжа выклікала вялікі рэзананс і цікавасць у грамадстве, але і пытанняў спарадзіла безліч. На першае, за што, адказ нібыта дадзены: Чыж затрыманы супрацоўнікамі КДБ “па падазрэнні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры”.

Не плаціць падаткі, вядома, злачынства. Але ці ўсё так банальна проста ў выпадку з Чыжом, як нам гэта падаюць?

У мінулым не менш паспяховы за Чыжа бізнесмен Андрэй Клімаў ведае, па яго словах, уладальніка “Трайпла” з 1993 года. І катэгарычна заяўляе: ухіляцца ад выплаты падаткаў ці спрабаваць нейкім іншым чынам дурыць дзяржаву Чыж бы не стаў.

Ці дачакаецца бізнес Чыжа выхаду свайго гаспадара з-за кратаў?

Андрэй Клімаў“Сумняваюся, што такі чалавек, які потам і крывёю здабыў свой капітал і шмат чым быў абавязаны асабіста Лукашэнку, рызыкнуў бы пад носам у самога прэзідэнта круціць нейкія махінацыі. У тым ліку, з дзяржаўнымі сродкамі. Гэта выключана. Ён дастаткова баязлівы і не такі сквапны, якім яго паказваюць”.

Заснавальнік і саўладальнік партала Tut.by, дырэктар акцыянернага таварыства “Надзейныя праграмы” Юрый Зісер адмаўляецца разважаць на тэму выстаўленых Чыжу абвінавачванняў, пакуль не вядомыя падрабязнасці.

Ці дачакаецца бізнес Чыжа выхаду свайго гаспадара з-за кратаў?

Юрый Зісер: “Аднак магу сказаць, што беларускае заканадаўства надзвычай жорсткае. І шэраг звычайных аперацый па ім правесці немагчыма. І для кампенсацыі недасканаласцяў заканадаўства шмат хто вымушаны адчыняць нейкія афшорныя кампаніі за мяжой. І тады ўзнікаюць сітуацыі няплаты падаткаў. Проста таму, што іх немагчыма сплаціць легальна, бо ўсё адбываецца ў іншым месцы. Таму, тэарэтычна, такое магло быць нават у там выпадку, калі не было намеру не плаціць падаткі. Яно проста так атрымалася, што не прайшло па балансах беларускіх кампаній”.

Праўда, удакладняе, што гэтыя яго развагі пра беларускае заканадаўства і афшоры да справы Чыжа не маюць ніякага дачынення. Хутчэй за ўсё, адзначае Зісер, там нешта іншае.

Намеснік старшыні Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Георгій Грыц таксама раіць не спяшацца з высновамі наконт праўдзівасці абвінавачвання ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. А што, калі віна Чыжа ў спробе вываду грошай за мяжу? І яго затрыманне — сігнал усім астатнім бізнесменам, каб гэтага нават не спрабавалі рабіць?

Георгій Грыц: “Сёння ў свеце сістэма фінансавага маніторынгу практычна дасканалая. І калі нехта думае, што ён можа вывесці вялікія сумы за мяжу і пра гэта ніхто не даведацца, гэта вялікая памылка. Тым больш, калі гэты чалавек ці гэтая кампанія ўваходзіць у “кола бліжэйшых інтарэсаў” ці з’яўляецца знакавай для Беларусі. Гэта нават не кампетэнцыя Дэпартаменту фінансавага маніторынгу: у нас падпісанае пагадненне ў межах барацьбы з ценявымі эканомікамі, і нават калі мы не хочам, то нашы кампетэнтныя органы праінфармуюць, што з’явіліся грошы з Беларусі з незразумелымі падставамі пераводу”.

Добра, будзем чакаць, што следства разбярэцца і што хутка ўсё стане больш зразумела са складам злачынства. Але што чакае “імперыю Чыжа”, пакуль ён сам знаходзіцца за кратамі?

Андрэй Клімаў упэўнены: калі “Трайплу” не будуць перашкаджаць штучна, бізнес зможа функцыянаваць аўтаномна.

“Калі ўлады не закрыюць рахункі, не абкладуць празмернай падатковай данінай, то з бізнесам будзе ўсё ў парадку. Лепшыя месцы для забудовы, лепшыя месцы для заправак, доступ да перапродажу расійскіх энергарэсурсаў праз беларускія НПЗ — усё гэта засталося. Калі застанецца і далей, то яны выжывуць, калі не — ім будзе крышка”, — мяркуе Клімаў.

Калі гэта сапраўды ўхіленне ад выплаты падаткаў і вывад капіталаў, то найперш “Трайплу” давядзецца разлічыцца з дзяржавай, перакананы Георгій Грыц.

“І калі па выніку выплат застанецца нешта, то гэты бізнес мае права на жыццё. Мы ж не ведаем, пра якую суму ідзе гаворка, але, відаць, сітуацыя можа быць блізкая да банкруцтва, і тады ідзе звычайная працэдура санацыі, аздараўлення. Альбо распродаж актываў, альбо кансалідацыя актываў на нейкіх прыярытэтных бізнесах”, — кажа суразмоўца.

Юрый Зісер менш аптымістычны: 

“У нас за любое эканамічнае злачынства адразу ідзе канфіскацыя. Таму, могуць і адабраць”.

Фота: tarantino.by, nn.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі