Ці гатовыя беларускія консулы наведваць украінцаў у расійскіх СІЗА?

Ці гатовыя беларускія консулы наведваць украінцаў у расійскіх СІЗА?

Вярхоўная Рада Украіны можа прызнаць Расію краінай-агрэсарам. Адпаведную праўку ўнёс у праект закона “Аб рэінтэграцыі Данбаса” дэпутат ад Блока Пятра Парашэнкі Іван Віннік. Па словах самога парламентарыя, калі яго праўка будзе прынятая, то “захоўваць пасля гэтага дыпламатычныя адносіны з Расіяй ― гэта ўжо будзе злачынствам з боку ўкраінскага МЗС”.

Расійскі “Коммерсант”, які першым апублікаваў гэтую навіну, падае яе як навіну пра тое, што “Вярхоўная Рада на наступным тыдні можа прыняць рашэнне аб разрыве дыпламатычных адносінаў з Расіяй”. Але ўхвалены дэпутатамі законапраект гэтага аўтаматычна не азначае, кажа ў каментарыі Еўрарадыё ўкраінскі палітолаг Дзмітрый Левусь.

“Калі гэтая праўка будзе ўлічаная і ўхваленая дэпутатамі, то мы троху бліжэй станем да разрыву дыпламатычных адносінаў з Расіяй, але не больш за тое. Аўтаматычна гэтага не адбудзецца ― павінны быць прыняты яшчэ цэлы шэраг падзаконных актаў і толькі пасля гэтага такі разрыў можа здарыцца”, ― кажа Дзмітрый Левусь.

Тым не менш, паводле інфармацыі таго ж “Коммерсанта”, у МЗС Украіны не выключаюць, што ў выпадку такога разрыву інтарэсы Украіны ў Расіі, хутчэй за ўсё, будуць прадстаўляць альбо Беларусь, альбо Швейцарыя.

Дзмітрый Левусь аддае перавагу ў гэтым “спаборніцтве” Беларусі.

“Менавіта Беларусь з’яўляецца камунікатыўнай пляцоўкай паміж Украінай і Расіяй у пытанні акупацыі Крыма і канфлікту на Данбасе. Апроч таго, ёсць не зусім зразумелая сустрэча кіраўнікоў Украіны і Беларусі ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Не думаю, што прэзідэнт Украіны наўпрост сказаў свайму беларускаму калегу пра такую магчымасць, але не выключаю, што такімі паўнамёкамі гэта сітуацыя разглядалася”, ― не выключае ўкраінскі палітолаг.

У тое, што ўжо на наступным ці нават ў бліжэйшыя тыдні дыпламатычныя адносіны паміж Украінай і Расіяй будуць разарваныя, не верыць і беларускі палітолаг Яўген Прэйгерман. А вось што менавіта наша краіна, хутчэй за ўсё, будзе ў такім выпадку прадстаўляць Украіну ў Расіі, ён не выключае.

Яўген Прэйгерман: “Лагічна было б, каб Беларусі было прапанавана, ці каб Беларусь сама ініцыявала такую сваю пасярэдніцкую місію. Гэта цалкам бы адпавядала тым унікальным магчымасцям, якія ёсць у Беларусі, як у краіны з вельмі шчыльнымі адносінамі з Расіяй. Гэта ўпісваецца ў нейтралітэт Беларусі па гэтым канфлікце”.

Але што азначае гэта прадстаўніцтва? Па словах беларускага палітолага, самымі важнымі будуць консульскія пытанні.

“Консульскія пытанні ж не абмяжоўваюцца толькі візамі. Да прыкладу, гэта дапамога грамадзянам краіны, якія знаходзяцца на тэрыторыі іншай краіны. Калі такі сцэнарый адбудзецца, то, да прыкладу, любы грамадзянін Расіі зможа звяртацца ў пасольства ды консульства Беларусі ва Украіне па рознага кшталту дапамогу і падтрымку. І наадварот. Гэта першы і вельмі вялікі кавалак працы. А ёсць яшчэ розныя дыпламатычныя рэчы, як перадаць пэўныя афіцыйныя дакументы ці пазіцыі аднаго бока ― іншаму боку”, ― пералічвае Яўген Прэйгерман.

Гэта азначае, што беларускія дыпламаты будуць не толькі кур’ерамі паміж Кіевам і Масквой. Калі ў Расіі будуць судзіць чарговага грамадзяніна Украіны ці ва Украіне расійскага вайскоўца, то беларускі консул павінен будзе прысутнічаць на судзе і наведваць затрыманых у СІЗА.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі