Ці мог прэпарат ад вугроў выклікаць у хлопца з бензапілой дэпрэсію ці псіхоз

Ці мог прэпарат ад вугроў выклікаць у хлопца з бензапілой дэпрэсію ці псіхоз

Улад К., які ўвайшоў з бензапілой у ГЦ “Еўропа”, прымаў “Раакутан” для лячэння вугроў. Яго бацька звязаў магчымае псіхічнае расстройства сына менавіта з прыняццем гэтага прэпарату.

“У “Раакутана” страшныя пабочныя эфекты, ён правакуе змяненні ў псіхіцы”, — лічыць бацька.

У Беларускіх аптэках прэпарат прадаецца выключна па рэцэпце. У інструкцыі сапраўды апісаныя досыць цяжкія пабочныя ўздзеянні ад прэпарату. Напрыклад, цягам месяца пасля прыняцця нельга планаваць цяжарнасць, бо гэта ўплывае на развіццё плода.

“З боку нервовай сістэмы: галаўны боль, празмерная стома; рэдка дэпрэсія, псіхоз, суіцыдальныя думкі, псеўдапухліна галаўнога мозга…” — апісана ў супрацьпаказаннях у інструкцыі.

Няўжо да трагедыі ў ГЦ Еўропа 8 кастрычніка, калі загінула жанчына і яшчэ некалькі чалавек было паранена, давёў лекавы прэпарат?

Ці мог прэпарат ад вугроў выклікаць у хлопца з бензапілой дэпрэсію ці псіхоз

Дэрматолаг: “Сухасць губ адзінае што турбуе пацыентаў”

 

Над пытаннем магчымага негатыўнага ўздзеяння “Раакутану” пасля жахлівага здарэння ў Мінску задумаліся топавыя беларускія псіхіятры і дэрматолагі. Прэпарат прадаецца ў Беларусі блізу дзесяцт гадоў, ён швейцарскай вытворчасці. Навукоўцы добра з ім знаёмыя і вывучалі магчымыя пабочныя ўздзеянні. 

Ці мог прэпарат ад вугроў выклікаць у хлопца з бензапілой дэпрэсію ці псіхоз

Ірына Шыманская, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт кафедры дэрматавінералогіі БелМАПА, запэўнівае, што ў Беларусі на “Раакутан” ніколі не адзначаліся рэакцыі кшталту псіхічных расстройстваў.

“Таксічнасць гэтага прэпарату перабольшаная. У тым ліку ў інструкцыі пазначаюцца рэдкія і вельмі рэдкія пабочныя эфекты. Цэнтральная нервовая сістэма ўвогуле не з’яўляецца аб’ектам уздзеяння дадзенага лекавага сродку. Прэпарат уплывае на эпідэрміс і на вывадныя пратокі сальнай залозы. Пабочныя эфекты звязаныя з сімптомамі гіперавітамінозу вітаміну А. То бок, гэта сухасць губ. Гэта адзінае, што турбуе пацыентаў”, — аналізуе Ірына Шыманская.

Навуковец тлумачыць, што прэпарат добра вывучаны за мяжой. Напрыклад, ён рэкамендаваны Амерыканскай асацыяцыяй педыятраў. А інфармацыя пра магчымыя дэпрэсіі і псіхозы узялася з-за спецыфікі пацыентаў.

“Вы павінны разумець, што пераважна гэта падлеткі. Аўдыторыя, якая пакутуе на вугравую хваробу, больш схільная да дэпрэсіўных расстройстваў. Часам нават няцяжкія праяўленні вугравой хваробы суправаджаюцца даволі цяжкімі расстройствамі псіхаэмацыйнага статусу. У такой групы пацыентаў больш часта рэгіструюцца дэпрэсіі, суіцыдальныя спробы. Сярод гэтых пацыентаў такія адхіленні рэгіструюцца часцей”, — кажа Шыманская.

Ці мог прэпарат ад вугроў выклікаць у хлопца з бензапілой дэпрэсію ці псіхоз

Псіхіятр: Частка спецыялістаў сапраўды лічыць, што ён можа выклікаць дэпрэсіі ці псіхоз

 

Псіхіятр, кандыдат медыцынскіх навук Алег Айзберг, вывучаючы “Раакутан”, звярнуўся да досведу сваіх замежных калег.

“Прэпарат на Захадзе выкарыстоўваецца вельмі шырока, прызначаецца часта. Частка спецыялістаў сапраўды лічыць, што ён можа выклікаць дэпрэсіі ці псіхоз. Іншая частка лічыць, што не. Справа ў тым, што ў пацыентаў маладога ўзросту даволі часта сустракаюцца суіцыдальныя спробы і псіхоз. Таму цалкам магчыма, што іх наяўнасць падчас прызначэння прэпарату — гэта проста супадзенне”, — тлумачыць Айзберг.

Еўрарадыё: То бок такога, што цалкам здаровы чалавек прыняў “Раакутан” і гэта справакавала псіхічнае расстройства, быць не можа…

Алег Айзберг: У канкрэтным выпадку выявіць, ці паўплываў на расстройства прэпарат, немагчыма. Любы цалкам здаровы чалавек можа захварэць на псіхічная захворванне ў прынцыпе. І гэта можа быць не звязана з нейкімі лекамі. Падчас прызначэння прэпарату ў кожным выпадку адбываецца індывідуальная ацэнка пацыентаў. І прызначэнне дапускаецца нават у людзей, у якіх былі псіхіятрычныя праблемы…

***

 

Выглядае, што лекі ад вугроў наўрад ці паўплывалі на здарэнне. Блізкія Улада К. паведамляюць пра тое, што раней ён трапляў на лячэнне ў псіхіятрычны дыспансер з-за спробаў суіцыду. Ці мог ён падчас трагедыі ў ГЦ “Еўропа” ўсведамляць свае дзеянні, сёння высвятляюць эксперты-псіхіятры.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі