Скончанае расследаванне нападу “хлопца з бензапілой” у калоніі, будзе суд
Скончанае расследаванне нападу “хлопца з бензапілой” на кантралёраў у шклоўскай калоніі. Высветлілася, што Уладзіслаў Казакевіч распрацаваў план забойства начальніка калоніі, каб адпомсціць яму за дысцыплінарныя спагнанні.
17-гадовы Казакевіч у кастрычніку 2016-га з сякерай і бензапілой у руках напаў на наведнікаў і супрацоўнікаў аднаго з мінскіх гандлёвых цэнтраў. Адна жанчына загінула, яшчэ дзве былі параненыя. Хлопца затрымалі на месцы. У пачатку сакавіка 2017 года Уладзіслаў Казакевіч быў асуджаны на 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. 12 кастрычніка летась ён напаў на кантралёраў з самаробным нажом у руках. Адзін з супрацоўнікаў калоніі быў паранены.
Як паведамляе афіцыйная прадстаўніца УСК па Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк, нож Казакевіч хаваў у камеры. Забойства начальніка калоніі ён збіраўся здзейсніць у момант, калі яго выклічуць для аб’яўлення пастановы аб накладанні дысцыплінарнага спагнання (“за парушэнне ўстаноўленага парадку адбыцця пакарання”). У рамках крымінальнай справы былі праведзены дзясяткі судовых экспертыз, у тым ліку і псіхолага-псіхіятрычная. Было ўстаноўлена, што Уладзіслаў Казакевіч “мог у поўнай меры ўсведамляць характар сваіх дзеянняў і кіраваць імі”. Яму выставілі абвінавачанне ў “падрыхтоўцы да забойства, у замаху на забойства двух асоб у сувязі з ажыццяўленнем імі службовай дзейнасці, учыненага асобай, якая раней учыніла забойства і напад на прадстаўніка адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, учыненыя асобай, якая адбывае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі”.
Крымінальную справу вывучыць пракурор, пасля чаго, як чакаецца, яна будзе перададзена ў суд.