У Магілёве яшчэ раз судзяць "хлопца з бензапілой" — Уладзіслава Казакевіча
У Магілёве пачаўся суд над Уладзіславам Казакевічам, больш вядомым як "хлопец з бензапілой", паведамляе tut.by.
За напад у кастрычніку 2016-га ў гандлёвым цэнтры "Еўропа" Казакевіча асудзілі на 15 гадоў пазбаўлення волі. У шклоўскай калоніі ён напаў з нажом на кантралёраў, за што трапіў пад другі суд.
Цяпер Казакевіча вінавацяць у падрыхтоўцы да забойства і замаху на забойства двух чалавек у сувязі з іх службовай дзейнасцю асобай, якая раней учынiла забойства. Таксама яго вінавацяць у нападзе на прадстаўніка адміністрацыі папраўчай установы з боку асуджанага. Казакевічу пагражае да 25 гадоў пазбаўлення волі або пажыццёвае пакаранне.
У Магілёў на суд з Мінска прыехалі бацька Казакевіча, яго адвакат і праваабаронца Андрэй Бандарэнка. "Хлопца з бензапілой" будуць абараняць трое сталічных адвакатаў — Аляксандр Галіеў, Таццяна Савіцкая і Уладзімір Сташкевіч. Дарэчы, Сташкевіч, прадстаўляў інтарэсы Казакевіча падчас суда па справе аб нападзе ў ГЦ "Еўропа".
На суд абвінавачанага прывялі ў кайданках, з нахіленай уніз галавой. Па словах начальніка канвою, Казакевіч стаіць на ўліку як асоба, схільная да захопу закладнікаў, а ў будынку прысутнічаюць людзі, таму прымаюцца дадатковыя меры бяспекі.
Паведамлялася, што 12 кастрычніка 2017 года, каб перашкодзіць ператрусу ў камеры, Казакевіч параніў аднаго з ахоўнікаў нажом у галаву. Следчыя выявілі, што ён распрацаваў план, каб забіць начальніка папраўчай калоніі №17. Гэтак ён хацеў адпомсціць за ўжытыя да яго дысцыплінарныя пакаранні.