Ці сапраўды ў Беларусі з'явіліся небяспечныя для чалавека мошкі?

Ці сапраўды ў Беларусі з'явіліся небяспечныя для чалавека мошкі?

Мінчанку Аліну на лецішчы ў Ратамцы кусае за руку звычайная мошка. Укус ледзь заўважны, ніякіх праблем. Але праз некалькі дзён рана пачынае павялічвацца, моцна баліць палова рукі.

"Было яшчэ светла, мы сядзелі на верандзе і я адчула на руцэ ўкус — маленькая чорная мошка. На месцы ўкусу першыя два дні была невялічкая пляма, не моцна свярбела. Але вакол працягвала чырванець, пляма павялічвалася ў дыяметры. А на трэці дзень пасярэдзіне ўкусу з'явілася пляма жоўтага колеру. На чацвёрты дзень пляма стала яшчэ большай, а рука балела ад локця да пляча", — апісвае Аліна наступствы ўкусу. Проста мошка-тэрмінатар.

Дапамог Аліне хірург, які выдаліў абсцэс. Цяпер яна ходзіць на перавязкі кожны дзень.

"Там нармальны кратар у руцэ выразалі, унутр кладуць лекі. Кожны дзень трэба хадзіць на перавязкі. Дарэчы, хірург казаў, што гэта не першы такі зварот".

Пасля пераказанай ў сацсетках гісторыі Аліны, многія карыстальнікі пачалі прыгадваць яшчэ больш жахлівыя гісторыі пра мошак, пасля ўкусаў якіх нават клаліся ў лякарню. Няўжо ў Беларусі развяліся асабліва ядавітыя мошкі ці гэта замежны сюрпрыз з тропікаў? Высвятляем у лекараў.

"Імунная сістэма да такой ступені перагружаная раздражняльнікамі, што нават на такое дробнае раздражненне яна гатовая рэагаваць настолькі бурна, — выказваецца Ірына Шыманская, дацэнт кафедры дэрматалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі. — Гэта звязана і з характарам харчавання, харчаванне больш утрымлівае угнаенняў, палютантаў. Прадукты страцілі сезоннасць, калі раней гародніна і садавіна былі сезонныя, цяпер гэтай сезоннасці няма. І гэта уплывае на такую рэакцыю. Таксама гэта звязана з індывідуальнай пераноснасцю. Я не думаю, што гэта мошка такая".

Бурную рэакцыю на ўкус дробнага насякомага можа даць інфекцыя, а занесці яе можа сам чалавек, калі расчэша рану. Такое меркаванне ў дэрматолага Аляксандра Кутаса:

"Часцей за ўсё гэта ўкусы так званага гнюсу, які упырсквае таксіны ў сасуды. А абсцэсы могуць утварыцца на фоне пачосу і занясення інфекцыі. Ад укусу такой мошкі сапраўды баліць і чэшацца горш, чым ад камара".

Праблемы могуць быць з-за індывідуальных асаблівасцяў арганізма. Галоўны лекар мінскага абласнога кожна-венералагічнага дыспансера Таццяна Піваварава называе адразу тры прычыны.

"У маёй практыцы рэакцыя на ўкусы больш простая: прыпухласць, можа быць невялічкая алергія. Калі патрэбнае было умяшальніцтва хірурга, то гэта ці то гіпералергічная рэакцыя, выкліканая асаблівасцю арганізма, ці то інфекцыя, ці то сапраўды моцны яд насякомага".

У любым выпадку, калі вы заўважылі, што месца ўкусу насякомага выглядае незвычайна, павялічваецца ці баліць, лекары раяць звяртацца да дэрматолага.

Ці сапраўды ў Беларусі з'явіліся небяспечныя для чалавека мошкі?

Эпідэміёлагі: Несці кляшча на праверку не варта, лепш прапіць антыбіётыкі

Еўрарадыё сабрала рэкамендацыі: што рабіць, калі вы знайшлі на сабе кляшча.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі