Ціханоўская: "Дарагі Прэзідэнт Зяленскі! Дарагія ўкраінцы і ўкраінкі!"
Святлана Ціханоўская "ад імя беларусаў і Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі" павіншавала ўкраінцаў з Днём незалежнасці. "Дарагі Прэзідэнт [Уладзімір] Зяленскі! Дарагія ўкраінцы і ўкраінкі! — піша беларускі палітык. — ...Віншую вас з Днём Незалежнасці Украіны! Гэты дзень адгукаецца ў сэрцах і душах усіх свабодалюбных беларусаў. Сёння вы ахвярна бароніце і сваю волю, і незалежнасць Еўропы".
Ціханоўская нагадвае, што "Беларусь зараз паняволеная, і расійскія агрэсары з беларускай зямлі падступна атакуюць мірныя ўкраінскія гарады і сёлы". Пры гэтым яна падкрэслівае, што "беларускі народ, які ў 2020 годзе зрабіў выбар на карысць свабоды, не будзе вечна мець над сабой прыгнёту", і "гэта пацвярджаюць і беларускія ваяры ў складзе Узброеных сілаў Украіны, і нашыя адважныя партызаны".
"Гандлюючы беларускім суверэнітэтам дзеля захавання ўлады, незаконны рэжым [Аляксандра Лукашэнкі] ганебна ўцягнуў нашую краіну ў гэтую вайну, парушыў абяцанні перад украінскім народам і здрадзіў беларускай дзяржаўнасці, — піша Святлана Ціханоўская. — Мы ўжо ведаем, што для агрэсара Пуціна Беларусь і Украіна ўвогуле не павінны існаваць як дзяржавы. І гэта робіць нашую з вамі барацьбу супольнай. Бо без вольнай Украіны не будзе вольнай Беларусі, але і без вольнай ад тыраніі Беларусі не можа быць трывалай бяспекі для Украіны і для ўсёй Еўропы".
У віншаванні адзначаецца, што беларусам і ўкраінцам трэба разам "пераадолець гэты небяспечны этап, спыніць дыктатараў і пачаць наладжваць новыя адносіны паміж нашымі дзяржавамі, якія будуць мець за аснову агульначалавечыя каштоўнасці, еўрапейскую перспектыву і інтарэсы ўзаемнай і рэгіянальнай бяспекі".
"Мы верым у перамогу Украіны і будзем працягваць падтрымліваць украінскі народ у пабудове такой будучыні, якую ён сам абярэ, — піша Ціханоўская. — І я веру, што беларусы і ўкраінцы абавязкова будуць лепшымі суседзямі ў свабоднай еўрапейскай прасторы. Слава Украïні! Жыве Беларусь!".
Ukraine defends not only its freedom & independence but the honor & dignity of the whole of Europe. We already know that for Putin, Belarus & Ukraine should not exist as states at all. And it unites us in our fight. I wish nothing but victory to on Independence day. pic.twitter.com/0SKDbMYqCu
— Sviatlana Tsikhanouskaya (@Tsihanouskaya) August 24, 2022
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.