COVID-19, падзенне даходаў і напружанасць у грамадстве: што турбуе беларусаў

Прыхільнікі ўлады і пратэсту на мітынгу / Еўрарадыё
Прыхільнікі ўлады і пратэсту на мітынгу / Еўрарадыё

Амаль усе беларусы адчуваюць сацыяльную напружанасць праз палітычны крызіс. Таксама сталі больш турбавацца праз каранавірус і адзначаюць падзенне даходаў сем'яў.

Chatham House правёў апытанне "Погляд беларусаў на палітычны крызіс", у якім даведаўся, як людзі ставяцца да палітыкаў, якім структурам давяраюць, з якімі краінамі хочуць сябраваць і як ацэньваюць сваё жыццё. Еўрарадыё сабрала самае цікавае з апытання.

З 1 да 10 лістапада 2021 года з дапамогай інтэрнэт-інтэрв'ю (CAWI) было апытана 767 гарадскіх жыхароў. Даследчыкі адзначаюць, што праз інтэрнэт-апытанне падтрымка Лукашэнкі і яго палітыкі на самай справе можа быць крыху вышэйшай, чым у выніках апытання. Яго прыхільнікі часцей менш сацыяльна і эканамічна актыўныя і радзей карыстаюцца інтэрнэтам. Статыстычная хібнасць не перавышае 3,5%.

Самы паспяховы палітык — Бабарыка

Лукашэнка і Бабарыка атрымалі самыя высокія рэйтынгі ў гарадскіх жыхароў Беларусі. У абодвух выпадках па 30% рэспандэнтаў адказалі, што гэтыя кандыдаты вартыя або найбольш вартыя быць прэзідэнтам Беларусі. У ліпені заявілі пра падтрымку Лукашэнкі 28%, а Бабарыку выбралі 33%.

Хоць вынікі склаліся лепш для Лукашэнкі, у яго высокі антырэйтынг: 46% не сталі б галасаваць за яго ні ў якім разе. Антырэйтынг Віктара Бабарыкі склаў 24%. Гэта адзін з самых нізкіх паказчыкаў у краіне.

Доля нейтралаў, якія лічаць, што ніхто з цяперашніх палітыкаў не павінен займаць прэзідэнцкую пасаду, не змянілася з ліпеня. Іх па-ранейшаму 22%.

COVID-19, падение доходов и напряжённость в обществе: что беспокоит белорусов
Стаўленне да палітыкаў / Chatham House

Давяраюць незалежным СМІ і войску

Бастыён Лукашэнкі і ядро пратэсту падзяліліся ў сваім стаўленні да арганізацый. Першыя давяраюць дзяржструктурам, але не давяраюць незалежным арганізацыям. З пратэстава настроенымі людзьмі наадварот. Нейтральна настроеныя беларусы таксама ў сярэднім менш давяраюць дзяржсектару. Выключэнне хіба што войска.

З дзяржструктур менавіта яму вераць больш за астатніх — 38%. Яшчэ 25% цяжка адказаць і 37% не вераць войску. Другім па даверы стаўся прэзідэнт — 32%. Пры гэтым 22% рэспандэнтаў не вызначыліся, ці можна яму давяраць, а 46% не вераць.

У аўтсайдарах дзяржСМІ і Цэнтрвыбаркам. ДзяржСМІ вераць 19%, 62% заявілі пра недавер, а астатнія не вызначыліся. ЦВК выклікае давер у 16% апытаных.

COVID-19, падение доходов и напряжённость в обществе: что беспокоит белорусов
Індэкс даверу дзяржструктурам / Chatham House

З незалежных арганізацый больш за ўсё давяраюць СМІ — 41% апытаных. Аднак 34% не могуць адказаць. Яшчэ 24% не давяраюць. Незалежным прафсаюзам, праваслаўнай царкве і праваабаронцам давяраюць па 36% рэспандэнтаў.

Менш за ўсё адказаў "давяраю" ў пратэстанцкай царквы — 10%. Яшчэ 40% заявілі пра недавер, а астатнія не вызначыліся.

Самы вялікі адсотак адказаў "не давяраю" сабраў Офіс Святланы Ціханоўскай — 46%. Так адбылося праз адказы праўладна настроеных людзей і нейтралаў (гэта відаць па індэксе даверу на скрыншоце ніжэй). Чвэрць рэспандэнтаў вераць Офісу, а 29% не ведаюць, што адказаць.

— Індэкс даверу незалежнаму сектару часцей станоўчы або нейтральны. Гэта тлумачыцца больш высокім узроўнем даверу да гэтых інстытутаў з боку самага вялікага па колькасці сегмента — нейтралаў, — адзначаюць даследчыкі.

COVID-19, падение доходов и напряжённость в обществе: что беспокоит белорусов
Індэкс даверу незалежным арганізацыям / Chatham House

У міжнародных адносінах часцей хочуць шматвектарнасці

З лістапада 2020 года да лістапада 2021-га меркаванні беларусаў пра хаўрусы і супрацоўніцтва з іншымі краінамі былі стабільныя.

— Адзіны рынак — самы прымальны варыянт супрацоўніцтва з Расіяй для 41% беларусаў, за ім ідзе зона свабоднага гандлю (27%). Іншыя варыянты не моцна падтрымліваюцца жыхарамі гарадоў. Па-ранейшаму найбольш пажаданы варыянт геапалітычнага хаўрусу — адначасовая інтэграцыя з Захадам і Расіяй (39%).

Сяброўства ў АДКБ падтрымліваюць у асноўным праўладна настроеныя людзі — 85%. У цэлым за захаванне сяброўства ў АДКБ 57% апытаных.

— Беларусы сталі негатыўна ставіцца да ідэі размяшчэння расійскай авіябазы на тэрыторыі РБ (48% супраць 39% у ліпені), — адзначае Chatham House.

COVID-19, падение доходов и напряжённость в обществе: что беспокоит белорусов
Большасць хоча быць у некалькіх хаўрусах або ў хаўрусе з Расіяй / Chatham House

Людзі адчуваюць падзенне ўзроўню жыцця і пагрозу COVID-19

У лістападзе беларусы вастрэй адчулі пагрозу COVID-19. Больш за палову адзначылі, што Беларусь не спраўляецца з распаўсюджваннем каранавіруса. Прычым у асноўным гэта пратэстава настроеныя людзі. З іх заявілі пра праблему 91%. Сярод нейтралаў сітуацыяй з кавідам занепакоеныя 51%. І толькі 8% з бастыёна Лукашэнкі сказалі, што хутчэй не згодныя, што ў Беларусі атрымліваецца спраўляцца з COVID-19.

— Пачуцці і перакананні, звязаныя з адчуваннем сацыяльнай напружанасці, моцна ўвязаныя на пазіцыю чалавека ў палітычным супрацьстаянні: чым з большым недаверам чалавек ставіцца да ўлады, тым больш драматычна ён апісвае свае адчуванні, — кажуць даследчыкі.

Затое значная частка ўсіх трох груп сышлася ў адным — матэрыяльнае становішча іх сем'яў пагоршылася. Пра гэта заявілі 70% рэспандэнтаў.

Да санкцый ставяцца як і раней: часцей падтрымліваюць санкцыі супраць Лукашэнкі і яго атачэння, але не санкцыі супраць прадпрыемстваў. Крытыкуюць санкцыі ў дачыненні да атачэння Лукашэнкі 37% апытаных, а супраць кампаній — 57%.

— Больш беларусаў сталі лічыць, што санкцыі запавольваюць выхад краіны з крызісу.

COVID-19, падение доходов и напряжённость в обществе: что беспокоит белорусов
Часцей незадаволеныя эканамічнай сітуацыяй і барацьбой з COVID-19 / Chatham House

Сацыяльная напружанасць катастрафічная

Грамадства адчувае сацыяльную напружанасць. Пра гэта заявілі 91% тых, хто ўдзельнічаў у апытанні. Прычым пятая частка лічыць сітуацыю катастрафічнай. Пратэстава настроеныя людзі і прыхільнікі ўлады ставяцца адны да адных горш, чым да любых іншых сацыяльных груп.

— Пачуццё сацыяльнай напружанасці цесна звязанае з многімі фактарамі. Мацней за ўсё з адчуваннем уласнай бяспекі. Адчуванне сацыяльнай напружанасці таксама мае цесную сувязь з палітычнай пазіцыяй: ядро пратэсту — найменш абаронены сегмент. Яго прадстаўнікі значна радзей адчуваюць сябе ў бяспецы [ўсяго 4%. — Еўрарадыё], кожны другі лічыць, што сітуацыя ў грамадстве катастрафічная, большасць не лічыць дзяржаву "сваёй" і заяўляе пра адсутнасць абароны сваіх інтарэсаў.

COVID-19, падение доходов и напряжённость в обществе: что беспокоит белорусов
Нават 39% нейтралаў не адчуваюць сябе ў бяспецы / Chatham House

Прыхільнікі дзейнай улады, наадварот, адчуваюць сябе ў бяспецы. Пра гэта заявілі 93% апытаных.

Больш падрабязна пра метадалогію і найбольш часта задаваныя пытанні можна даведацца тут.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі