"Да Беларусі свабода прыйдзе апошняй?" Гісторыі людзей, якія слухалі Зяленскага

Украінцы сабраліся ў Варшаве, каб паслухаць Зяленскага. А мы прыйшлі паслухаць украінцаў / Euroradio
Украінцы сабраліся ў Варшаве, каб паслухаць Зяленскага. А мы прыйшлі паслухаць украінцаў / Euroradio

Два гады таму прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўжо выступаў у дворыку польскага Каралеўскага замка. Яго запрашалі на ўрачыстасці з нагоды юбілею Канстытуцыі Рэчы Паспалітай. Тады ён яшчэ насіў гальштук і пінжак, а не ваенныя чаравікі і байку з трызубам.

Сёлета на Замкавай плошчы паслухаць Зяленскага сабраліся тысячы чалавек. А Еўрарадыё прыйшло туды, каб паслухаць украінцаў. Вось іх гісторыі.
 

Гісторыя пра акупацыю. "Дом наш бабуля сваімі рукамі пабудавала, мама не хоча яго пакідаць"

Людзі пачалі сцягвацца да плошчы за тры гадзіны да прыезду Зяленскага. Расійская прапаганда якраз разносіла па інтэрнэце словы ўкраінскага прэзідэнта пра тое, што ў будучыні паміж народамі Украіны і Польшчы "не будзе межаў". Народы Украіны і Польшчы ў гэты час глядзелі выведзены на вялікія экраны ролік, сабраны з фатаграфій польскіх валанцёрскіх пунктаў.

Мамы з соннымі дзецьмі на руках, старыя на раскладушках, валанцёры, якія абдымаюць і першых, і другіх. Расійская прапаганда піша пра "адсутнасць межаў " як пра нешта новае, але ніякіх межаў няма ўжо больш за год. За гэты год палякі прынялі мільёны ўцекачоў і далі ім роўныя з сабой правы.

"К Беларуси свобода придет последней?" Истории людей, которые слушали Зеленского
Украінцы чакаюць выступу Зяленскага на Замкавай плошчы ў Варшаве / Euroradio

Але з'ехаць ад вайны змаглі не ўсе. Вікторыя [імя змененае] жыве ў Варшаве ўжо больш за сем гадоў. А яе мама засталася ў Херсоне.

На левым беразе. Пад рускімі. Сувязь ёсць, так. Толькі святла няма. І маральна цяжка. Рускія цяпер жывуць праз два дамы ад яе. Прыганялі мінамёты. Пастралялі ў бок Херсона — з'ехалі. Кожны дзень абстрэльваюць.

Сам горад пусты. Усе павыязджалі. Дачка мая яшчэ ў красавіку мінулага года да мяне прыехала. Першы час пасядзела пад абстрэламі ў ванным пакоі з катом — і вырашыла ехаць.

"К Беларуси свобода придет последней?" Истории людей, которые слушали Зеленского
Выступы Зяленскага і Дуды транслявалі на вялікія экраны на Замкавай плошчы / Euroradio

А ў сярэдзіне красавіка выезд з горада перакрылі. Цяпер выбрацца з акупацыі можна толькі праз Крым.

Але мама адмаўляецца. Ёй 75 гадоў, яна не паедзе. Кажа, маўляў, у мяне сабачка, котка, курачкі. Сяброўка. Я кажу — мама, я ўсё аплачу, калі ласка, прыязджай. Ні ў якую. Дом наш бабуля сваімі рукамі пабудавала, мама не хоча яго пакідаць.

Прыходзілі рускія, пыталіся ў мамы: у вас сын ёсць? Мама кажа: "Не, у мяне дачка, і яна за мяжой". Рускія пытаюцца: "У вас усё добра?" Мама: "Угу. Добра".

Кошты там цяпер страшныя. У мамы хоць гародчык ёсць, саджае бульбу. І курачкі.

Пенсію першы час атрымліваць адмаўлялася. Потым пагадзілася ўзяць гэтую рускую пенсію. Мяняе яе на грыўны. У краме можна і грыўнямі, і рублямі плаціць. Курс — страшны. Але што рабіць? Я ёй кажу: выйсця няма, табе есці трэба.

У Вікторыі ў руках партрэт Зяленскага.

Шчыра скажу, калі былі выбары, мне здавалася, ён не пацягне. Не справіцца. Малады. Але так атрымалася. Там таксама не ўсё гладка, але я яму веру. Ён адкрыты, азлобленасці ў ім ніколі не было. Веру.

Недалёка ад нас гудуць сірэны машын, мы прыслухоўваемся — але гэта не картэж.

Ведаеце, часам кажуць, маўляў, войны ёсць ва ўсім свеце. Сірыя, Афганістан — Украіна не адзіная. Так, войны былі і ёсць ва ўсім свеце. Але цяпер ідзе вайна ў Еўропе. Гэта наша агульная вайна.

 

Гісторыя пра фронт. "Там страшна і холадна"

Я калі да хлопцаў пад Бахмут прыехала, балюча было. Якія ў іх рукі чорныя. Яны капаюць гэтую мерзлую зямлю. Там страшна, холадна. Дамы ўсе знішчаныя. Дрэвы знішчаныя. Але яны трымаюцца. А мы падтрымліваем іх.

Аліна жыве ў Польшчы сем гадоў. А яе сябры ваююць пад Бахмутам. Ім патрэбныя былі прыборы начнога бачання, і Аліна арганізавала збор. А потым сама адвезла прыборы ледзь не наўпрост у акопы — у вёску Канстанцінаўка, якую цяпер моцна абстрэльваюць. Пабаялася перадаваць дарагія прыборы з незнаёмымі валанцёрамі.

Хлопцы прапанавалі мяне і да Бахмута адвезці, але я сказала — не-не, дзякуй, мне хапіла!

"К Беларуси свобода придет последней?" Истории людей, которые слушали Зеленского
Аліна / Euroradio

Акрамя цеплавізараў купілі ім спальнікі, бо пасля аднаго цяжкага бою ім трэба было трошкі адысці з пазіцый, а ўсе рэчы засталіся там. У іх не засталося нічога, так што мы хутка арганізавалі збор, каб ім дапамагчы. А яшчэ мы перадалі спецыяльныя акопныя свечкі — пацаны сказалі, выдатныя.

А маме што сказала? Сказала, што паеду ў Днепр, што "займаюся справамі". Яна мяне і не чапала — справамі значыць справамі. Ужо ў пяць вечара патэлефанавала: што ты? дзе ты? чаму не пішаш? А я з-пад Бахмута вярталася. Напэўна, калі прыеду на святы, мама мяне нават у Днепр не пусціць, каб мяне неспадзявана пад Бахмут не занесла.
 

Гісторыя пра абстрэлы

Месяц таму прыкладна тут жа выступаў Джо Байдэн. Паглядзець на Байдэна мог кожны. Найлепшы від на амерыканскага прэзідэнта адкрываўся таму, хто раней сышоў з працы і паспеў заняць месца бліжэй да сцэны.

Найлепшы від на ўкраінскага прэзідэнта адкрываўся таму, хто трапіў у папярэдне складзены арганізатарамі сустрэчы спіс. Яны маглі трапіць ва ўнутраны дворык замка, дзе выступаў украінскі прэзідэнт, а для астатніх на плошчы расставілі экраны і на іх транслявалі выступ.

Гэта не таму, што Байдэн хоча быць бліжэйшым да людзей, чым Зяленскі, а таму, што апынаючыся ў натоўпе, Зяленскі рызыкуе яшчэ больш, чым Байдэн.

Але я ўсё роўна буду стаяць бліжэй да ўваходу ў замак — раптам ён вырашыць да нас выйсці? Ён жа любіць людзей, — падзялілася з Еўрарадыё адна з госцяў сустрэчы. — Я з Украіны, але ўжо шмат гадоў жыву ў Варшаве. Зяленскі сюды некалькі разоў прыязджаў, але я не хадзіла. Да вайны думала — ну, прыехаў, і добра. Цяпер усё па-іншаму. Цяпер трэба быць разам.

Часам "быць разам" — гэта атрымліваць падтрымку. Але часам "быць разам" — раздзяляць чужы боль.

Мая вайна пачалася ў 3:40 раніцы. Мама жыве ў Дняпры. Яна патэлефанавала і сказала, што іх бамбяць. Як мы? Дрэнна. Мы не дзелім Украіну на гарады: Днепр, Харкаў. Для нас Украіна адна, цэлая. Сёння прыляцела ракета ў адзін горад, заўтра — у другі. І мы ўспрымаем гэта, быццам яна кожны раз прылятае да кожнага з нас.

"К Беларуси свобода придет последней?" Истории людей, которые слушали Зеленского
Анна: "Мы не дзелім Украіну на гарады: Днепр, Харкаў. Для нас Украіна адна, цэлая. Сёння прыляцела ракета ў адзін горад, заўтра — у другі. І мы ўспрымаем гэта, быццам яна кожны раз прылятае да кожнага з нас".

Гісторыя пра Беларусь

А як вы да беларусаў ставіцеся? — пытаемся ў адной з нашых суразмоўніц.

А я ўжо многіх беларусаў ведаю. І ўсе чамусьці нармальныя.

Але нішто не выдавала нармальных беларусаў на Замкавай плошчы. Са сцягоў паўсюль былі толькі польскія і ўкраінскія, беларусы ж нясмела губляліся ў натоўпе. А потым Зяленскі сказаў:

Калі мы з вамі вольныя — гэта гарантыя, што <...> свабода выстаіць у Малдове, не пакіне Грузію і абавязкова, абавязкова прыйдзе ў Беларусь.

Тут плошча выбухнула такімі апладысментамі, быццам Зяленскі неспадзявана выклікаў беларусаў нейкім заклёнам. Толькі ціхі голас за спінай карэспандэнта Еўрарадыё сумна ўздыхнуў:

Атрымліваецца, у Беларусь свабода прыйдзе апошняй?

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі