ДАХ “закрые белыя плямы ў беларускім мастацтве”

“Навінкі”, “Ахвяры Мастацтва”, “Тахелес” і беларускае мастацтва збяруцца пад адным дахам – два мастакі выпадкова для сябе зладзілі культурную падзею года ў Беларусі. 20 жніўня ў 17.00 на шэсць тыдняў адкрыецца дзявяты міжнародны фестываль “ДАХ”, дзе плануюць сабраць пад адным дахам розныя жанры мастацтва: жывапіс, скульптура, фота і перфоманс.

Арганізатарамі фестывалю выступіў Беларускі Саюз Мастакоў (БСМ) и два мастакі - Зміцер Юркевіч і Алесь Родзін. Яны прыйшлі ў БСМ з просьбай дапамагчы арганізаваць фестываль “Ахвяры Мастацтва”. Намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Сяргей Ціханаў кажа, што мастакі з’явіліся ў патрэбны момант – акурат калі ў БСМ працавалі над планамі.

Потым да “Ахвяр Мастацтваў” яшчэ дадаліся замежныя госці, літаратары, музыкі, скульптары, фотамастакі і ўсё гэта ператварылася ў  “ДАХ 9”. І зараз выстава заяўленая як міжнародная гучная падзея: госці з Беларусі, Польшчы, Украіны, Расіі, Італіі, Нарвегіі, Нідэрландаў, Японіі, ЗША , Ізраіля.

Сяргей Ціханаў: “А сэнс усёй гэтай акцыі – аб’яднаць накірункі ў нашым беларускім мастацтве хэпенінга, інсталяцыі, музыкі, паэзіі ў нешта новае. Знайсці! Паказаць! А як іх можна знайсці? Даць ім магчымасць прадэманстраваць свае новыя здабыткі. Потым абмеркаваць і вызначыць, ёсць у гэтым сэнс, ці няма. Што цікава, а што не. Заўсёды палеміка расстаўляе ўсё на свае месцы і робіць нейкі рэйтынг”.

Спадар Ціханаў гаворыць пра імкненне “закрыць белыя плямы ў беларускім мастацтве” і паабяцаў, што ўсе працы — сапраўды творы мастацтва высокага ўзроўню. Расчараванняў не будзе.

Германія выслала разам з працамі мастакоў спадара Кінаве – рэзідэнта вядомага берлінскага арт-сквота “Тахелес”.

 

Даведка Еўрарадыё: “Тахелес” –  перакладаецца з мовы ідыш як “шчырая размова” (такая назва нарадзілася ў адказ на цэнзуру ГДР). З’яўленне незвычайнага арт-цэнтра звязана з разбурэннем Берлінскай сцяны. “Тахелес” стаў цэнтрам нашэсця творчых людзей розных прафесій. Яны сабраліся ў Берліне, каб адчуць свабоду творчасці. Пусты будынак гандлёвага цэнтру ў мінулым свабодныя мастакі ператварылі ў сквот-галерэю.



Будзе і яшчэ адзін пакуль што невядомы беларускім галерэям госць з Расіі. Гэта маскоўскі мастак Уладзімер Аляксандраў (“Імпэратарт Вава”. Націск на другі склад).

Даведка еўрарадыё: “Імпэратар Вава” – адзін з заснавальнікаў маскоўскага акцыянізму, вядомы як мастак-мазахіст. Сярод яго мастацкіх акцый, напрыклад, былі такія, як “пракол языка перад мікрафонам радыёстанцыі “Эхо Москвы”, “зашыванне роту суровымі ніткамі на “TV-галерэі”, “маляванне скальпелем па ўласным целе” і інш. Больш інфармацыі ў блогу мастака.

З беларускіх мастакоў фестываль “ДАХ-9” пакажа А.Канавалава, С. Ціханава, А. Забаўчыка, Л. Хобатава, М. Бацюкову, С. Грыневіча, В. Васільева і інш. Як падкрэслілі арганізатары, іх мэта прадставіць як мага больш регіянальных мастакоў.

Музычнае мастацтва атрымае сваё слова ў штодзённых канцэртах такіх праектаў, як Сяргей Пукст, “Князь Мышкін”, “Мобильный Цирк”, “Джамбібум”, “Гаротніца”, “Рациональная Диета”, “Плато”, “СолнцеЦветы”, “Кудмень”, “Гурзуф”, “Buben”, “Spit It Out”, “Los Chikanos”, “The Winer War In Tibet” і інш.

Акрамя музыкаў пад дахам Палаца Мастацтва выступяць відэартысты з Масквы, Санкт-Пецярбургу і Кіева.

Сярод пэрформераў чакаюцца выступы Мэрэса Надлера (ЗША), Ю. Барысевіча, З. Тарасава, “Театра Психической Неуравновешенности”, “Механеров Культуры”, “Спецбригады” і інш.
29—30 жніўня ў межах фестывалю “ДАХ 9” пройдзе міні-фестываль “Навінкі”. На яго, па словах арганізатараў, “вельмі добра прадаюцца квіткі”.

Яшчэ адзін міні-фестываль у межах “ДАХ 9” пройдзе пад куратарствам Змітра Юркевіча і Алеся Родзіна як асобны элемент вялікай падзеі. Гаворка ідзе пра пачынальнікаў праекта — “Ахвяры Мастацтва”.

Што тычыцца літаратурнага блоку, то выдавецтва “Галіафы” плануе правесці некалькі вечаровых прэзентацый новых кніжак і модны цяпер “літаратурны слэм”.

Тэатральны блок на выставе будзе прадстаўлены тэатрам “Inzest”, “Кабаре Матильды Шторр”, тэатр “ЦУД” і “Свободный Театр” з Брэста. Наконт апошняя тэатру арганізатары паспяшаліся ўдакладніць, што з гэтым “Свабодным тэатрам” “усё ў парадку”.

Прадстаўніца галерэі “Брама”, куратар сувязяў фестывалю са СМІ Ларыса Фінкельштэйн: “Вось, адносна “Свабоднага Тэатра”. У нас будзе “Свабодны Тэатр” з Брэста. (звяртаецца да журналістаў – ЕРБ). І вы, калі ласка, сабе неяк гэта пазначце, таму што гэта стары, адносна “стары” са “Свабодных Тэатраў”, які добра сябе зарэкамендаваў і ўсё з ім ў парадку.

Ёсць яшчэ іншы тэатр, пра які нават я, шчыра кажучы, нічога не ведаю. Ён таксама мае такую ж назву, ён больш малады. Ён нечым сябе скампраметаваў. Таму, калі вы будзеце гаварыць пра “Свабодны Тэатр”, вы абавязкова мусіце ў сябе пазначыць, што гэта Брэсцкі “Свабодны Тэатр”. Гэта важна”.

Так і пазначаем, каб не затлуміць шаноўнага гледача.

“Аб’яднаць усіх разам пад адным дахам – такога яшчэ не было! – кажа Сяргей Ціханаў. – Мы паспрабавалі і я бачу, што гэта атрымліваецца. Гэта значная падзея! Неістотна, каму там нешта спадабаецца, ці не спадабаецца, істотна, што мы змаглі сабраць усіх пад дахам Саюза Мастакоў”.

Беларускі Саюз Масткоў плануе паказаць удзельнікаў фестывалю “ДАХ 9” у “Тахелес”, але крыху з іншай канцэпцыяй.

Далучыцца да свята беларускага мастацтва зусім нядорага. Арганізатары добра разумеюць, што асноўнай публікай мерапрыемства будуць студэнты і таму паклапаціліся пра іх фінансавы баланс паміж “хлебам і відовішчамі”.

З 11.00 да 17.00 білет будзе каштаваць 4 тысячы рублёў, а з 17.00 да 22.00 уваход будзе вольны.

Прыкладную праграму фестывалю “ДАХ 9” і дэталёвую інфармацыю шукайце тут.

Фота: Юрый Кацэнеленбоген, а таксама www.lookatme.ru, www.naviny.by, www.proza.ru і www.ru.wikipedia.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі