ДАІшнікі не хочуць звязвацца з хабарнікамі і адпускаюць іх

Каб ДАІшнікі не бралі хабару, ім забараняюць мець з сабой больш за 30 тысяч уласных грошай. Па словах інспектараў, хабар прапануе кожны пяты спынены вадзіцель. Але ў Мінску летась злавілі толькі 6 кіроўцаў-хабарнікаў. Астатніх, папярэджваюць і…. адпускаюць. Бо займацца афармленнем хабарнікаў няма часу. Арыштоўваюць толькі падчас спецрэйдаў. -- Так павінна быць: паклаў чалавек грошы, а інспектар у белых пальчатках паклаў гэтыя грошы ў пакунак, узяў двух сведкаў, панятых і паехалі ў райаддзел, -- кажа Еўрарадыё старшы інспектар аддзялення агітацыі і прапаганды ДАІ Мінгарвыканкама Юрый Красноў. -- Але гэтага ніхто не робіць, бо ў нас вельмі мала інспектароў. Калі інспектар паездзе хабар афармляць, лічы, што ён на паўдня пакінуў лінію.

Па словах супрацоўніка ДАІ, каб хабарніка прыцягнуць да адказнасці, трэба напісаць дакладныя следчаму, знайсці сведак. А ў выніку, вадзіцель можа адмовіцца ад таго, што спрабаваў даць хабар, скажа, што грошы проста ляжалі ў ягоным пасведчанні. Пры тым, што, па словах інспектара, калі не кожны другі, дык кожны пяты кіроўца спрабуе адкупіцца ад складання пратакола хабарам. Таму калі хабарнікаў і ловяць, то толькі падчас спецыяльных рэйдаў інспектараў ДПС і супрацоўнікаў аддзела ўласнай бяспекі ДАІ. Летась сталічнае ДАІ перадало ў пракуратуру пратаколы ўсяго на шэсць вадзіцеляў, якія спрабавалі даць хабар.

Днямі мінскія ДАІшнікі затрымалі такога хабарніка. Кіроўца, спынены за непрышлілены рэмень бяспекі, прапанаваў інспектару дарожна-патрульнай службы мінскага ДАІ Івану Ярмаловічу расплаціцца за парушэнне на месцы, без пратаколу. За гэтае парушэнне прадугледжаны штраф у памеры да 35 тысяч рублёў. Вадзіцель прапанаваў інспектару 60 долараў. Справа ў тым, што грамадзянін Беларусі меў расійскае пасведчанне кіроўцы. Штраф у такім выпадку павялічавецца да 620 тысяч рублёў.

Юрый Красноў: “Інспектар паклаў па панель дакументы і пачаў даставаць адміністрацыйны пратакол. А гэты паклаў дзесятку і плюс яшчэ пяцьдзесят долараў кінуў і кажа: “Для хутчэйшага вырашэння пытання”. Узяў свае дакументы і пайшоў. Прывык, напэўна, так рабіць”.

Як паведаміў Еўрарадыё начальнік рэспубліканскага ДАІ Юрый Літвін, такія сумесныя рэйды ДАІшнікі праводзяць ледзь не некалькі разоў на тыдзень.

Юрый Літвін: “Прыборы ў нас ёсць: і дыктафоны, і відэакамеры. Такія экіпажы мы рэгулярна, раз-два на тыдзень, выпускаем на лінію для прафілактыкі гэтага правапарушэння”.

Бывае, самі інспектары прывозяць гэтых парушальнікаў для афармлення ў райаддзел. Але дастаткова выклікаць на месца следчую групу.

Юрый Літвін: “Яна займаецца афармленнем. У дадзеным выпадку інспектар напіша пратакол допыту і гэта ўсё. А далей следчы займаецца. Па часе гэта не займае палову дня”.

Начальнік ДАІ пагадзіўся, што прапануюць хабар інспектарам даволі часта. Але часцей яны не выклікаюць следчую групу, а праводзяць прафілактычную працу з хабарнікамі. І… адпускаюць.

Як даведалася Еўрарадыё, каб не было спакусы, інспектарам забаронена мець падчас выхаду на дзяжурства больш за 30 тысяч уласных грошай. Калі будуць падазрэнні, альбо нейкі сігнал, грошы ў кішэні ДАІшніка пералічаць.

Юрый Літвін: “Калі ёсць абаснаваныя падазрэнні альбо звароты грамадзян, такому інспектару больш увагі ўдзяляем. Усё астатняе, што тычыцца праверак у адносінах да нашых інспектароў, то, па вялікім рахунку, гэта наша ўнутраная справа. Але нічога звышцікавага ў гэтым няма – калі ёсць падставы, то распачынаецца крымінальная справа. Далей -- расследаванне і лава падсудных”.

Праўда, колькі інспектараў села за атрыманне хабару на гэтую лаву, начальнік ДАІ не сказаў. Сёлета такіх выпадкаў яшчэ не было.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі