Дамовіліся не складаць усе пад ялінку — Галоўчанка аб перамовах з РФ па нафце
Раман Галоўчанка / з архіва БЕЛТА
Беларусь ужо падпісала пагадненні аб пастаўцы нафты ў наступным годзе з шэрагам буйных расійскіх пастаўшчыкоў, заявіў у інтэрв'ю беларускаму тэлебачанню прэм'ер-міністр краіны Раман Галоўчанка. І гэты працэс — падпісання кантрактаў з пастаўшчыкамі — працягваецца.
"Ніякага напалу або напружання няма, дамовіліся з урадам РФ аб тым, што не трэба складаць усё "пад ялінку", — сказаў Галоўчанка.
Па яго словах, усе кантракты будуць падпісаныя да канца года. З падрабязнасцяў аб умовах пагадненняў вядома толькі, што Расея гатовая паставіць "максімальны аб'ём" нафты, беларускі бок — перапрацаваць на НПЗ "столькі, колькі будзе нам выгадна" — напрыклад, 18 мільёнаў тон.
Усё "будзе залежыць ад сітуацыі на рынку", падкрэсліў Галоўчанка.
Год таму Беларусь і Расія доўга не маглі дамовіцца аб кошце паставак расійскай нафты з-за рознагалоссяў з нагоды памеру расійскай прэміі да цаны сыравіны. У выніку амаль увесь першы квартал НПЗ Беларусі працавалі з няпоўнай загрузкай, Мінск у тэрміновым парадку шукаў альтэрнатыўных пастаўшчыкоў. Дамовіцца з Расіяй атрымалася толькі ў канцы сакавіка, пасля чаго былі адноўленыя пастаўкі расійскай нафты.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.