"Дапамагаць, як украінцам": польскі генерал рыхтуецца да паўстання ў Беларусі

Байцы палка Каліноўскага / t.me/belwarriors
Байцы палка Каліноўскага / t.me/belwarriors

Дыверсія ў Белгародскай вобласці скіраваная на дэстабілізацыю расійскай улады. Яе ўчынілі расійскія добраахвотнікі, якія ваююць на баку Украіны. Нешта падобнае можа адбыцца і на тэрыторыі Беларусі, лічыць былы камандуючы сухапутнымі войскамі Польшчы, адстаўны генерал Вальдэмар Скшыпчак.

— Калі ўкраінскае контрнаступленне будзе паспяховым, тыя ўзброеныя беларусы, якія з'яўляюцца часткай ваеннага патэнцыялу ўкраінскага войска, не складуць зброю. Яны пойдуць у Беларусь. Спадзяюся, гэта выкліча паўстанне ў Беларусі. Гэта тое, чаго баіцца Лукашэнка, кажа вайсковец. Давайце рыхтавацца да паўстання ў Беларусі, бо яно адбудзецца. Галоўнае не праспаць гэты момант. Трэба быць гатовымі падтрымаць войскі, якія будуць праводзіць аперацыю супраць Лукашэнкі. У нас ёсць прычыны дапамагаць ім гэтак жа, як мы дапамагаем украінцам.

Паводле яго, беларусы падтрымаюць такі ход падзей і з энтузіязмам выступяць супраць Лукашэнкі.

— У яго больш няма вайсковага патэнцыялу, каб прадухіліць такое паўстанне. Расія яму асабліва не дапаможа, бо ў яе будуць свае праблемы.

 

“Контрнаступленне можа пачацца ў любы момант”

Што да вайны, то Украіна ўжо гатовая да контрнаступлення, лічыць Скшыпчак.

— Пра гэта сведчыць той факт, што ва Украіну паступае ўсё больш тэхнікі, якая павялічвае магчымасці ўкраінскага войска ў дзвюх галінах. Па-першае, здольнасць наносіць глыбокія ўдары. Сродкі, якія ёсць у распараджэнні ўкраінцаў, дазволяць ім знішчыць, абясшкодзіць і паралізаваць дзеянні частак расійскай арміі, якія будуць адступаць і якія знаходзяцца на ўсход ад ракі Дон, — сказаў ён.

Другім фактарам ён назваў самалёты F-16.

— Умова правядзення наземнага контрнаступлення — падтрымка з паветра.

Паводле генерала, украінскія лётчыкі ўжо даўно трэніруюцца на гэтых машынах.

Ён таксама лічыць, што контрнаступленне мусіць скончыцца за некалькі тыдняў да саміту NATO ў Вільні, які запланаваны на ліпень.

— Гэта азначае, што яно можа пачацца ў любы момант, таму што ўкраінцам патрэбны поспех, усе яго чакаюць, — заключае Вальдэмар Скшыпчак.

***

Вальдэмар Скшыпчак з 2006 па 2009 год быў камандуючым сухапутнымі войскамі Польшчы. У жніўні 2009 года падаў у адстаўку на знак пратэсту супраць таго, як Міністэрства абароны кіруе ўзброенымі сіламі. З 2011 года быў намеснікам дзяржаўнага сакратара ў Міністэрстве абароны. З 2012 па 2013 год — намеснікам дзяржаўнага сакратара ў Міністэрстве нацыянальнай абароны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі