Дар’я Домрачава выйграла спрынт у Антхольцы (відэа)
Яна закрыла ўсе мішэні і паказала выдатную хуткасць.
Дар’я Домрачава выйграла свой першы спрынт у гэтым годзе, які адбыўся 23 студзеня падчас чарговага этапу Кубка свету па біятлоне ў італьянскім Антхольцы. Лідар нашай зборнай стартавала пад трэцім нумарам, чыста правяла першую стральбу, на добрай хуткасці падышла да другога агнявога рубяжа і на ім таксама адстралялася бездакорна.
Ёй пагражала Кайса Макярайнен, але фінка на другім агнявым рубяжы дапусціла адзін промах. У выніку яна другая.
Трэцяй фінішавала немка Лаўра Дальмаер. Адзначым, што ў дзясятку лепшых трапіла яшчэ адна беларуска. Надзея Скардзіна, як і Дар’я Домрачава, ідэальна адстралялася на абодвух рубяжах і заняла ў выніку 7-е месца, адстаўшы ад пераможцы на 1 хвіліну 9 секунд.
Надзея Пісарава з адным промахам на лёжцы фінішавала 26-й, у Ірыны Крыўко таксама адна незакрытая мішэнь, але толькі 43 радок. Настасся Дубарэзава прамахнулася двойчы і заняла 47-е месца.
Фота: Interfax.by