Дэпутат Дзярждумы: Практычна ўпэўнены, што Бабіч стане паслом у Беларусі
Узгадненне і зацверджанне Міхаіла Бабіча амбасадарам Расіі ў Мінску адбываецца ў звычайным рэжыме. Чуткі, што ў Мінску наконт кандыдатуры Бабіча “вагаюцца”, распускаюць, каб ускладніць адносіны паміж нашымі краінамі. Такое меркаванне ў размове з Еўрарадыё выказаў намеснік старшыні Камітэта Дзярждумы па справах СНД Канстанцін Затулін.
“Я не хачу каментаваць чуткі і розныя прыдумкі наконт агрэманаў, зацягвання і ўсяго астатняга. Наколькі я разумею, усё ідзе ў адпаведнасці з нармальнымі тэрмінамі. Я не ведаю ні пра якія праблемы! Дзярждума і Савет Федэрацыі выканалі сваю функцыю ў адпаведнасці з нашым заканадаўствам і далі згоду на прызначэнне Бабіча новым паслом Расіі ў Беларусі.
Ад пачатку ўся працэдура знаходзіцца пад кантролем МЗС, якое натуральным чынам здзяйсняе ўсе неабходныя дзеянні, каб гэтая кандыдатура была ўрэшце зацверджаная. І пра нейкія праблемы да з’яўлення гэтых чутак я не чуў”, — кажа дэпутат Дзярждумы РФ.
Інфармацыя пра тое, што новым паслом Расіі ў Беларусі плануюць прызначыць Міхаіла Бабіча, з’явіліся некалькі тыдняў таму. У МЗС Беларусі не абвяргаюць, але і не пацвярджаюць факт таго, што агрэман (атрыманне папярэдняй згоды) на прызначэнне Бабіча расійскім амбасадарам у Мінску нашым знешнепалітычным ведамствам ужо атрыманы. Асобныя эксперты выказаліся на карысць таго, што ў Мінску не жадаюць бачыць Міхаіла Бабіча ў якасці пасла.
3 жніўня расійскія СМІ распаўсюдзілі інфармацыю, што Міхаілу Бабічу апроч пасады пасла ў Мінску прапанавалі стаць спецпрадстаўніком прэзідэнта Расіі ў Беларусі. Па словах Канстанціна Затуліна, нічога асаблівага ў такой прапанове няма.
“Усе без выключэння паслы Расійскай Федэрацыі ў Беларусі і ўсе без выключэння да 2014 года паслы РФ ва Украіне былі адначасова і спецпрадстаўнікамі прэзідэнта, — кажа Канстанцін Затулін. — У выпадку з Бабічам і ўлічваючы аб’ём нашых узаемаадносінаў, характар падпісаных намі дамоўленасцяў, гэта дае яму пэўны статус не столькі ў Беларусі, колькі гэты статус яму неабходны для працы з Расіяй. Для кантролю і заахвочвання знешнеэканамічных сувязяў і вырашэння такога кшталту пытанняў”.
Па словах расійскага дэпутата, калі Бабіч і не стале паслом у Беларусі, то толькі ў выпадку “непрадбачаных сітуацый” — калі ў яго маланка ўдарыць ці здарыцца нейкі іншы прыродны форс-мажор.