Дэпутат Мікалай Самасейка: У пэўных аспектах Дамова па ЕАЭС недапрацаваная

 Як паведаміў журналістам па выніках галасавання старшыня пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты Прадстаўнікоў Мікалай Самасейка, галоўнае, што перад беларускай эканомікай дзякуючы гэтаму эканамічнаму саюзу адкрываюцца вялікія перспектывы, а што не ўсе пытанні неўрэгуляваныя, то гэта часова.

Мікалай Самасейка: Тыя неўрэгуляваныя пытанні, па якіх не дасягнуты кансенсус паміж бакамі, будуць урэгуляваныя ў далейшым, што указана ў “Пераходным палажэнні”. Гэта адлюстроўвае жаданне бакоў прытрымлівацца тых дарожных картаў, якія выпрацаваныя па зняцці выняткаў, бар’ераў і абмежаванняў”.

Пацікавіліся журналісты ў дэпутата, над якімі канкрэтна пытаннямі яшчэ трэба будзе працаваць, каб “урэгуляваныя” былі ўсе пытанні.

Мікалай Самасейка: У пэўных аспектах Дамова застаецца “рамачнай”. У прыватнасці: прамысловасць, транспарт, энергетыка – над гэтымі пытаннямі мы будзем працаваць.

Па словах Самасейкі, беларускі бок дэманструе “гатоўнасць прытрымлівацца ўсіх тых прынцыпаў, якія закладзеныя ў Дамове, што ўсе нашы партнёры таксама будуць іх прытрымлівацца”.

Дарэчы, як паведамілі дэпутаты на ўдакладненне Еўрарадыё, самі яны ўносіць нейкія змены, ці прапановы ў змест Дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе не маглі. Такім чынам, сёння яны пагадзіліся на ратыфікацыю гэтага дакумента толькі з-за таго, што сябра Прэзідыума Савета Міністраў, сябра Савета Еўразійскай эканамічнай камісіі ад Беларусі Сяргей Румас упэўніў іх – ёсць дакладныя “дарожныя карты”, каб усе “неўрэгуляваныя пытанні” ўрэгуляваць.

Па словах Мікалая Самасейкі, як гэта ўрэгуляванне будзе адбывацца, дакладна прапісана ў “Пераходных палажэннях”. Праўда іх журналісты не бачылі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі