Дэпутат Навумовіч хоча, каб беларускія дэпутаты часцей наведвалі Страсбург
Пашыраць кантакты паміж дэпутатамі беларускага парламента і калегамі з Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы заклікаў беларускі парламентарый Андрэй Навумовіч падчас пасяджэння Камісіі ПАСЕ па палітычных пытаннях і дэмакратыі 10 кастрычніка ў Страсбургу. На яго думку, такое пашырэнне кантактаў дазволіць еўрапейскім калегам атрымліваць больш поўную інфармацыю па сітуацыі ў нашай краіне.
Навумовіч: “Пастаянныя кантакты паміж дэпутатамі ПАСЕ і беларускімі парламентарыямі вельмі важныя для атрымання інфармацыі пра сітуацыю ў Беларусі. У сувязі з гэтым лічу апраўданым распаўсюдзіць станоўчы вопыт узаемадзеяння парламента Беларусі і камісіі ПАСЕ па палітычных пытаннях і дэмакратыі ў дачыненні да іншых камісій Асамблеі для абмену вопытам па юрыдычных пытаннях, правах чалавека, сацыяльных пытаннях, культуры, адукацыі ды іншых тэмах. З гэтымі мэтамі прапаную прадумаць магчымасць прыцягнення беларускіх парламентарыяў у працу іншых камісій ПАСЕ. Магчыма, праз заключэнне нейкага мемарандуму аб узаемаразуменні з Асамблеяй”.
Тэмай пасяджэння Камісіі ПАСЕ па палітычных пытаннях і дэмакратыі, якое праходзіць 10 кастрычніка ў Страсбургу, стала рэзалюцыя ПАСЕ па сітуацыі ў Беларусі. У рэзалюцыі, прынятай ПАСЕ 27 чэрвеня, выказваецца шкадаванне пра парушэнне правоў чалавека ў нашай краіне і прапаноўваецца спыніць будаўніцтва БелАЭС. Але дэпутат Навумовіч у сваім выступе ніводнай з узнятых у рэзалюцыі ПАСЕ праблемных тэм не закранае.
Апроч Андрэя Навумовіча ў пасяджэнні камісіі ПАСЕ па палітычных пытаннях і дэмакратыі бяруць удзел дэпутат парламенту Алена Анісім, праваабаронца Алесь Бяляцкі і сустаршыня незарэгістраванай партыі БХД Віталь Рымашэўскі.