Дэпутат пра суд над аўтарамі “Рэгнума”: У нас свабода — што хочаш пішы, аналізуй
У Беларусі кожны можа казаць і пісаць ўсё, што лічыць патрэбным. Ніякіх перашкодаў свабодзе слова ў краіне няма. Так старшыня камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Андрэй Навумовіч адказаў на просьбу пракаментаваць суд над грамадзянамі Беларусі, якія пісалі для расійскага агенцтва “Рэгнум”.
Навумовіч: “Паверце, у нас хто хоча — усё гаворыць. І гэтая прастора, моўная, пісьмовая — яна свабодная. Аналізуй і рабі свае высновы — нікому ніякай забароны няма. Але ў кожнай канкрэтнай сітуацыі неабходна разбірацца. А павярхоўную даць ацэнку — гэта непрадуктыўна і непрафесійна”.
Нагадаем, аўтараў расійскага інфармагенцтва “Рэгнум” Дзмітрыя Алімкіна, Юрыя Паўлаўца і Сяргея Шыптэнку абвінавачваюць у распальванні расавай, нацыянальнай і рэлігійнай варожасці. Год да суда яны правялі за кратамі, 18 снежня пачаліся слуханні ў судзе гэтай справы.