Дэпутат: Задача была не прасунуць нешта сваё, а выканаць план
11 кастрычніка спаўняецца роўна год, як новы склад беларускага парламента пачаў законатворчую працу. Што за гэты час паспелі зрабіць народныя абраннікі?
Гляджу статыстыку: за гэты час дэпутаты правялі 15 пасяджэнняў, прынялі 30 законапраектаў у першым чытанні і 53 ― у другім. Ніводнага законапраекта не адхілілі і не накіравалі на дапрацоўку.
Але ці задаволеныя яны самі вынікам сваёй працы і працы парламента? З гэтымі пытаннямі вяртаюся да парламентарыяў у першы дзень трэцяй сесіі.
Генерал-маёра Сяргея Бобрыкава, намесніка старшыні камісіі па нацбяспецы, спыняю ля ўваходу ў Авальную залу. Абраны ад Уручскай выбарчай акругі №109 дэпутат адказвае па-ваеннаму лаканічна.
“Плённа, актыўна адпрацавалі. Той план, што быў, мы выканалі цалкам. Мы, як маладыя парламентарыі, падрабязна пазнаёміліся з працай парламента. Але ж не забывалі і пра тое, што нас людзі абіралі”.
Еўрарадыё: Магчыма, у дэпутаты ішлі, маючы ў планах прасунуць нейкія свае заканадаўчыя ініцыятывы?
Сяргей Бобрыкаў: Задача была — не прасунуць нешта сваё, а выканаць той план, які стаіць перад парламентам. У нас жа не задача прапіхваць нехта сваё! Бо каб мець нешта сваё, трэба, каб гэта было кампетэнтна і абгрунтавана юрыдычна. А з рознымі непадрыхтаванымі законапраектамі навошта выходзіць сюды?
Спявачка, сябра камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Ірына Дарафеева са шчырай сцэнічнай усмешкай прызнаецца: асабіста яна “пакуль толькі набірае абароты”. Асабліва дасягненнямі пахваліцца не можа.
Ірына Дарафеева: “Цяпер мы ў камісіі разглядаем Кодэкс аб адукацыі ― гэта вельмі цікавая тэма. І праца вядзецца даволі складаная. А таксама хутка нам паступіць, законапраект “Аб аўтарскіх і сумежных правах”. Таму ― чакаем. Я таксама ў працоўнай групе. Пакуль такія справы…”
Дэпутат з Гродна Віктар Русак адказвае на маё пытанне каротка: паспяхова, маўляў, папрацавалі ― шэраг законапраектаў прынялі. І дадае, што парламент ужо працуе на поўную магутнасць. З суседам па дэпутацкай “парце” пагаджаецца і сябра камісіі па міжнародных справах Сяргей Пацэвіч.
Сяргей Пацэвіч: “Што тычыцца працы ў акрузе, то я лічу, што шмат чаго зрабіў. І ёсць вялікія планы. А вось што тычыцца Авальнай залы, то я лічу, што можна было б дадаць асабіста мне ў працы”.
Еўрарадыё: А што вы б хацелі?
Сяргей Пацэвіч: Ну, напэўна, больш актыўным трэба быць у працэсе падрыхтоўкі законапраектаў. Але тыя законапраекты, якія ўскладаліся на мяне, я лічу, што адпрацаваў напоўніцу.
З гордасцю кажа пра свой першы дэпутацкі год экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Улаховіч.
Улаховіч: “Не было часу нам набіраць абароты ― яго проста не далі. Вось, у мяне былі накірункі маёй дзейнасці, і я іх выконваю. Вы ж бачыце: і ў прэсе, і на тэлебачанні працую. Працую ў Палаце, на ўсіх сесіях ― я не адсутнічаю, адпачынкаў асабліва не браў. Так, троху нешта было…”
Былы сенатар, а цяпер старшыня камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк, заўважыўшы, што накіроўваюся ў яго бок, адмоўна махае рукамі. Маўляў, ужо дастаткова “ахвяр” апытаў у Авальнай зале. Але ў выніку адказвае пра свае дасягненні.
Ігар Марзалюк: “Свой вынік я надзвычай пазітыўна ацэньваю. Бо некалькі законапраектаў, пра якія я марыў, сталі рэчаіснасцю. Адзін з іх ― сёння. Гэта закон “Аб навуцы”. Гэта вельмі важны закон. Шмат рэчаў ужо зроблена і яшчэ будзе зроблена па ўдасканальванні сістэмы адукацыі, заканадаўчых актаў. Я лічу, што за гэты год у краіне адбылося шмат істотных зрухаў і ў сацыяльным плане, і ва ўсіх астатніх. Кансалідацыя мае месца быць, і беларускае грамадства ўсё больш і больш пачынае сябе чуць і разумець ― без абразаў, без паклёпаў і навешвання ярлыкоў. І цяпер мы напярэдадні вельмі важных, лёсаносных падзеяў па лібералізацыі эканомікі”.
Для параўнання, гляжу статыстыку за першы год працы папярэднікаў дзеючых дэпутатаў. Тыя за той жа час правялі 16 пасяджэнняў, прынялі ў першым чытанні 51 законапраект (у тым ліку адзін кодэкс) і 64 ― у другім чытанні. І таксама ніводнага законапраекта не адхілілі і не адправілі на дапрацоўку.
Фота Змітра Лукашука і Алеся Пілецкага