Dev.by: уладальнікам ФК "Дынама-Мінск" застанецца горад, ПВТ будзе спонсарам
Уладальнікам футбольнага клуба "Дынама-Мінск" застанецца Мінгарвыканкам, інфармуе dev.by са спасылкай на неназваную крыніцу. Рашэнне нібыта ўжо прынятае і варта чакаць афіцыйнай інфармацыі. Ніякія ІТ-кампаніі клуб купляць не будуць. Аднак у "Дынама" з'явіцца новы пастаянны спонсар — Адміністрацыя Парку высокіх тэхналогій. Аб'ём фінансавання ацэньваецца як "адносна невялікі". Ужо на гэтым тыдні Адміністрацыя ПВТ акажа клубу разавую фінансавую дапамогу.
У публікацыі адзначаецца, што заробкі футбалістаў мінскага "Дынама" і пастаянныя выдаткі клуба складаюць менш за 5 мільёнаў долараў на год. Усе яго спонсары даюць агулам $3,5-4 млн.
Раней у СМІ з'яўлялася неафіцыйная інфармацыя пра тое, што "Дынама" могуць аб'яднаць з "Мінскам", альбо прадаць з пэўнымі ўмовамі беларускім айцішнікам (называлася кампанія бізнесмена Віктара Пракапені). Былі і іншыя версіі, але яны не пацвердзіліся.
ФК "Дынама-Мінск" перажывае не лепшыя часы. Клуб паводле рашэння суда перайшоў ад бізнесмена Юрыя Чыжа Мінгарвыканкаму. Яму не хапае стабільнасці і, відаць, фінансавання. У чэмпіянаце краіны дынамаўцы ідуць толькі на чацвёртым месцы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.