“Дом за 1 базавую” — ці не супярэчыць гэта Канстытуцыі?
24 сакавіка Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №116 “Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з дамамі, якія пустуюць”. Паводле ўказа, асноўныя палажэнні якога набываюць моц праз шэсць месяцаў, пусты і/ці стары дом мясцовая ўлада зможа выставіць на аўкцыён па спрошчаным механізме. Некаторыя дамы змогуць адразу прапанаваць па мінімальнай цане — адна базавая велічыня.
Які дом прызнаюць пустым
У камерцыйны абарот можа быць уключаны дом разам з зямельным участкам, у якім уладальнікі на працягу апошніх трох гадоў не пражылі ніводнага дня. А калі дом знаходзіцца ў аварыйным стане, дык дастаткова, каб уладальнікі пастаянна не жылі там на працягу года.
Мясцовыя выканкамы будуць шукаць такія дамы і ўключаць іх у Адзіны рэестр пустых дамоў. Гэты дакумент будзе апублікаваны 1 студзеня 2023 года. Пакуль што плануецца, што доступ да яго будзе бясплатны.
Па якой цане прададуць пусты дом
Калі суд прызнае дом безгаспадарным, ён будзе перададзены ва ўласнасць мясцовага выканкама. Чыноўнікі маюць права выставіць пусты дом на продаж з аўкцыёну. Спярша для лота вызначаць рынкавы кошт. А пры адсутнасці попыту цана будзе паступова зніжацца да 1 базавай велічыні (цяпер — 29 рублёў).
Абласныя выканкамы атрымаюць паўнамоцтвы вызначаць населеныя пункты, у якіх пустыя дамы можна адразу прадаваць з аўкцыёну за адну базавую велічыню. Але сюды не ўключаць Мінск і абласныя цэнтры.
Пакупніку пустога дома (з аўкцыёну ці наўпрост) могуць даць растэрміноўку аплаты на тэрмін да трох гадоў без індэксацыі плацяжоў.
Стары дом стане прасцей прадаць ці знесці
Калі жылы дом у сельскім населеным пункце ці горадзе раённага падпарадкавання пабудаваны да 8 траўня 2003 года, яго стане прасцей прадаць ці падарыць. Указ №116 спрашчае парадак адчужэння такіх будынкаў.
Ладзіць камерцыйныя аперацыі з такімі дамамі можна будзе без дакументаў, якія пацвярджаюць права валодання маёмасцю. Але адна з дзвюх наступных умоваў усё ж мусіць выконвацца:
— звесткі пра дом мусяць быць унесеныя ў пагаспадарчыя кнігі сельскага (пасялковага) выканкама;
— дом пабудаваны на зямлі, дадзенай у адпаведнасці з заканадаўствам аб ахове і выкарыстанні земляў.
Выканкамы будуць рэгістраваць дамову адчужэння жылога дома бясплатна. А афармляць дакументы на валоданне павінен будзе ўжо пакупнік.
Чаму менавіта 8 траўня 2003 года? У гэты дзень набыў моц закон “Аб дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй”.
Юрыстка: указ №116 парушае правы гаспадароў
Юрыстка па зямельным заканадаўстве Вольга Беляўцова лічыць, што спрошчаны парадак адчужэння жылля, які дазволіць прасцей прадаваць і набываць яго, — ці не адзіны станоўчы момант ва ўказе. Раней працэдура рэгламентавалася ўказам №357 “Аб пустых і старых дамах”, прынятым у 2018 годзе, і патрабавала болей часу і высілкаў.
Але таксама юрыстка бачыць ва ўказе №116 парушэнне правоў гаспадароў. І нават супярэчанне Канстытуцыі.
— Паводле артыкула 44 Канстытуцыі, дзяржава гарантуе кожнаму права ўласнасці, а яе недатыкальнасць ахоўваецца законам. Прымусовае адчужэнне маёмасці дапускаецца толькі па матывах грамадскай неабходнасці са своечасовым і поўным кампенсаваннем кошту адчужанай маёмасці, а таксама згодна з пастановай суда.
Паводле ўказа №116, у некалькіх выпадках прапануюць адбіраць маёмасць. Дом абследуе камісія з выканкама, якая патрабуе ад уласніка на працягу месяца паказаць паведамленне аб намеры карыстацца домам. А калі ўласнік не дасць такое паведамленне, гэтага будзе дастаткова, каб лічыць, што ўласнік адмаўляецца ад маёмасных правоў на дом. Потым суд прызнае дом безгаспадарным і перадасць ва ўласнасць выканкаму.
Вольга Беляўцова мяркуе, што дзяржава “забылася”, што яна павінна гарантаваць недатыкальнасць нерухомасці і абараняць маёмасныя правы гаспадароў. Замест гэтага ўлады склалі алгарытм, які дазваляе адбіраць дамы і землі ва ўласнікаў без грамадскай неабходнасці на тое.
— Пасля прыняцця ўказа №116 фармальна трапіць пад ягонае дзеянне можа любы грамадзянін, які з пэўнай нагоды не жыве ў сваім доме на працягу апошніх трох гадоў. Такі чалавек цалкам рызыкуе страціць уласнае жыллё.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.